бацьказабойства, як зьнявагу бацькі. Пасьля ён хацеў разьвярнуць перад ім тэорыю, што імпэратарская ўлада — ўлада з боскае ласкі і што імпэратар пастаўлен богам, каб кіраваць зямнымі справамі, як папа рымскі — каб кіраваць духовымі. Таму здрада імпэратару — тое самае, што здрада самому пану богу. Такім чынам, здрадніка чакае ня толькі шыбеніца, але і вечная кара як адступніка ад бога. Але хоць людзкія законы ня могуць адмяніць прыгавору, бо трэба падтрымліваць ваенную дысцыпліну, аднак ня ўсё яшчэ страчана, там дзе справа датычыць другое кары — вечнай пакуты ў пекле. І от чалавек можа вельмі добра ўнікнуць гэтае другое кары, калі шчыра пакаецца.
Фэльдкурат яскрава ўяўляў сабе гэтую ўзрушаючую сцэну, што павінна была і яму служыць нейкім збавеньнем ад яго ўласных грахоў і асабліва прыгодаў на кватэры генэрала Фінка ў Пярэмышлі.
Ён маляваў сабе абраз, як ён спачатку зараве на прысуджанага: «Пакайся, сын мой! Стань разам са мною на калені ды памолімся!» І як тады сьмярдзючая вашывая камера напоўніцца словамі малітвы: «О божа, да цябе, што зьяўляецца адным міласэрдзем і літасьцю, да цябе я малюся за душу ваякі, якому ты загадаў пакінуць гэты сьвет паводле загаду ваенна-палявога суду ў Пярэмышлі. Учыні, божа, так, каб гэты салдат пяхотнага палка, што шчыра і сардэчна пакаяўся, не пазнаў прыгатаванае яму вечнае мукі, але дазнаўся райскае раскошы».
— Выбачайце, пане фэльдкурат, — сказаў Швэйк, — вы сядзіцё ўжо пяць хвілін, як забіты, нібы гутарка не датычыцца вас. От адразу і відаць, што вы першы раз пад арыштам.
— Я прышоў, — сур’ёзна прамовіў фэльдкурат, — каб даць вам духовую ўцеху.
— Гэта нават дзіўна, што вы ўвесь час гаворыце пра нейкую духовую ўцеху, пане фэльдкурат. Я зусім не адчуваю ў сабе сілы, каб даць вам духовую ўцеху. Але вы-ж ня першы, што апынуліся за кратамі. Хоць, праўду кажучы, пане фэльдкурат, у мяне няма таго краснамоўства, каб даць каму-небудзь у цяжкую хвіліну духовую ўцеху. Неяк раз я спрабаваў зрабіць гэтае, але толькі карысьць была з гэтага малая. От сядзьце