распаўсюджана ў той цяжкі час. Ён загадаў паклікаць і фэльдкурата Мартынеца, у якога тады ўжо грэх запусьціў глыбока кіпці, і наладзіў з ім дзікую оргію… Пасьля фэльдкурат Мартынец доўга дакараў сябе за свае цяжкія правіны, чаго ня мог паправіць у тую ноч нават тым, што па дарозе дахаты цераз парк, памыліўшыся, горача памаліўся перад статуяй былога падрадчыка, а пасьля бургамістра гораду Пярэмышлю пана Грабоўскага, што ў васьмідзесятых гадох карыстаўся вялікаю популярнасьцю.
Толькі цяжкія крокі патруля парушылі яго праніклівыя словы:
— О божа, ня судзі раба твайго, бо ня знойдзецца ніводнага чалавека перад тваім абліччам, калі ня зьлітуешся ты і не даруеш яму яго грэхі. Няхай будзе твая сьвятая воля ня надта суровая. Прашу твае дапамогі я і ў твае рукі аддаю дух свой.
З таго часу ён разоў колькі прабаваў, як яго клікалі да генэрала Фінка, зрачыся ўсіх забаваў сьвету, кажучы, што ён мае вольнасьць і яму баліць жывот. Такую ману ён дазваляў сабе ў імя збавеньня, каб яго душа магла ўнікнуць пекла, бо з другога боку ён лічыў, што па моцы вайсковае дысцыпліны які-небудзь фэльдкурат, калі генэрал загадвае яму выпіць, павінен не пярэчачы выканаць загад, хоць з павагі да большага чыну.
Праўда, часам яму гэта не ўдавалася, асабліва тады, калі генэрал пасьля ўрачыстае богаслужбы наладжваў яшчэ больш урачыстыя баляваньні за рахунак дзяржавы. У такіх выпадках грошы бралі проста з гарнізоннае касы ці адкуль даводзілася, і фэльдкурат дакладна ўяўляў сабе, як ён усё больш і больш духова зьніжаецца, як усё больш абнімае яго грэх.
Ён хадзіў, як у тумане, і, трацячы ў гэтым хаосе веры ў бога, пачынаў сур’ёзна думаць пра тое, ці не пачаць яму кожны дзень самога сябе лупцаваць бізунамі.
От у такім настроі ён зьявіўся на апошняе запрашэньне генэрала, што ўвесь зазьзяў, устаўшы яму насустрач.