Генэрал Фінк ладзіў цырамонію такой службы. Часьцей за ўсё, паводле прыкладу службы ў дзень божага цела, у яго быў звычай пасьля таго, як падымалі сьвятыя дары, вылецець наўзавады на кані на пляц да самага алтара і тройчы крыкнуць: «Гура, гура, гура!»
Фэльдкурат Мартынец, душа чыстая і пэўная, перш ня вельмі ахвоча хадзіў да генэрала Фінка. Той, скончыўшы з загадамі па гарнізону, звычайна казаў наліць сабе чаго больш моцнага і пачынаў расказваць самыя новыя анэкдоты з ідыёцкіх кніжачак, што выдавала рэдакцыя аднае гумарыстычнае часопісі знарок дзеля вайсковых. У яго была цэлая бібліотэчка гэткіх кніжачак з самымі дзікімі назвамі. Каб было весялей, ён пачынаў сьпяваць удалую песьню з салдацкага песельніка і не забываўся ўвесь час старанна падліваць фэльдкурату і ўгаворваць яго, каб той выпіў і сьпеў што-небудзь у два галасы разам з ім. Пасьля ён пачынаў гаварыць няпрыстойнасьці і бедны фэльдкурат, на вялікі свой жаль, мог пераканацца, што ён зусім ня ўступае мораўскаму ксяндзу.
Фэльдкурат Мартынец з жахам заўважваў, што ён этычна спускаецца ўсё ніжэй і ніжэй, чым часьцей сустракаецца з генэралам Фінкам.
Няшчаснаму пачалі падабацца лікёры, якімі частаваў яго генэрал. Ён пачаў з большай літасьцю ставіцца да гутарак генэрала. У яго зьявілася нейкая зусім дзікая фантазія, а п’ючы кантушоўку, гарэлку, настоеную на ялаўцы, і стары польскі мёд у сівых ад павуціньня бутэльках, ён забываўся пра бога, а паміж радкоў ягонага маліцьвеньніка скакалі перад ім жанчыны з генэральскіх анэкдотаў. Адным словам, агіда да выпіўкі з генэралам паволі трацілася.
Генэралу таксама падабаўся фэльдкурат Мартынец, што спачатку яму здаваўся нейкім сьвятым Ігнатам Лёёлам, але цяпер паволі зжываўся з вакольным народам.
Неяк раз генэрал запрасіў да сябе двух міласэрдных сясьцёр з палявога лазарэту, што менавіта там зусім не працавалі, а былі толькі прыпісаны да яго і атрымлівалі пэнсію там, павялічваючы свае прыбыткі простытуцыяй, як гэта было вельмі