— А вы ўжо чулі, — захоплена крыкнуў ён, — пра мой вайскова-палявы суд? Мы зьбіраемся даведацца аднаго вашага земляка.
Пры слове «зямляк» фэльдкурат з немым докарам зірнуў на генэрала. Ужо ня раз ён рашуча протэставаў супроць таго, што яго маюць за чэха, і ня раз тлумачыў, што ў яго мораўскай парафіі жыхары дзяліліся на дзьве паловы — адна нямецкая, адна чэская і што яму часта даводзілася гаварыць казаньні аднае нядзелі чэхам, а другое немцам. А таму, што чэхі ня мелі чэскае школы, а была нямецкая, дык ён у абедзьвюх вобшчынах выкладаў на нямецкай мове. От чаму ён ніяк ня можа быць чэхам. І гэты лёгічны вынік зьявіўся прычынаю пажартаваць аднаму маёру за сталом, што фэльдкурат з Моравіі і што ён чэскі немец, а не нямецкі чэх.
— Ах, выбачайце, — прамовіў генэрал, — я зусім забыўся, што ён ня ваш зямляк. Ён-жа чэх, перабежчык, здраднік, што служыў у расейцаў і напэўна будзе павешан. Цяпер мы каб выканаць праформу, высьвятляем ягоную асобу, але гэта нічога. Вісець яму ўсяроўна давядзецца, адно толькі атрымаем тэлеграфны адказ.
Пасадзіўшы фэльдкурата поруч з сабою на канапе, генэрал весела казаў далей:
— Калі ў мяне прызначан вайскова-палявы суд, дык ўсё павінна адказваць хуткасьці гэткага суду. Гэткі мой прынцып. Калі я на самым пачатку вайны быў яшчэ ў Львове, мне ўдалося пакіраваць адну справу так, што праз тры хвіліны пасьля таго, як быў прачытаны прыгавор, падсудны вісеў ўжо на вяроўцы. Праўда, гэта быў яўрэй, але і аднаго русіна мы павесілі праз пяць хвілін пасьля нашае нарады.
Генэрал добрадушна расьсьмяяўся.
— І, ведаеце, у абодвых выпадках не патрэбна была духовая ўцеха. Яўрэй быў рабінам, а русін — папом. Праўда, у нашым сёнешнім выпадку справа крыху іншая, бо тут давядзецца павесіць каталіка. Але, каб не марудзічь справы, я прыдумаў цудоўную рэч: вы дасьцё яму гэту духовую ўцеху наперад. Менавіта, каб не зацягваць справы.