Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Генэрал Фінк загадаў паклікаць фэльдкурата Мартынеца.

Гэта быў няшчасны катэхэт з Моравіі. У яго начальнік ксёндз быў такім гадам, што ён наважыў лепш уцячы на вайсковую службу. Ён быў чалавекам шчырае веры і з жалем успамінаў свайго духовага айца, што павольна, але напэўна ішоў да загубы свае ўласнае душы, бо піў сьлівавіцу, як шавец, а неяк уночы гвалтам зацягнуў да яго, нявіннага, у пасьцель маладую цыганку з табару, што папаў, як п’яны вяртаўся з карчмы.

Фэльдкурат Мартынец думаў, што ў войску на полі бойкі ён адпакутуе і сваю віну і за свайго няшчаснага ксяндза, што, як позна вяртаўся дахаты, меў звычай будзіць яго і прыставаць:

— Эх, браток, браток! Мне-б цяпер толькі здаровую бабу і больш мне нічога на сьвеце ня трэба!

Але надзеі Мартынеца ня збыліся. Яго пераводзілі з гарнізону ў гарнізон, дзе ён ня меў ніякае іншае работы, як толькі раз на два тыдні чытаць казаньне ў гарнізонным касьцёле салдатам і ратаваць сваю душу ад спакусы, што выходзіла з афіцэрскага сабраньня, дзе можна было пачуць такія гутаркі, што развагі яго былога начальства пра здаровую бабу здаваліся ў параўнаньні з імі малітваю анёла-абаронцу.

Да генэрала Фінка яго звычайна клікалі пад час вялікіх вайсковых опэрацый, як трэба было адсьвяткаваць якую перамогу аўстрыйскае арміі; у такіх выпадках генэрал Фінк з такою самаю любасьцю, як вешаў, наладжваў малебны.

Генэрал Фінк быў такім аўстрыйскім патрыётам, што пра перамогу нямецкае, турэцкае або баўгарскае зброі ён не маліўся. А калі немцы атрымлівалі перамогу над французамі або ангельцамі, ён гэтыя выпадкі абыходзіў зусім моўчкі.

Затое нязначная сутычка аўстрыйскіх разьведчыкаў з расійскім патрулём, з якое штаб рабіў вялізную мыльную бурбалку паражэньня ўсяе расійскае арміі, давала генэралу Фінку прычыну да ўрачыстае імшы, так што ў няшчаснага фэльдкурата Мартынеца атрымлівалася ўяўленьне, нібыта генэрал Фінк зьяўляецца таксама і шэфам каталіцкае царквы ў Пярэмышлі.