Старонка:Svejk.4.pdf/221

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

армейскага корпусу. Пяць казакоў ехалі дарогаю, трымаючы напагатове доўгія дзіды. На ўскраі невялікага гаю яны спыніліся, пазлазілі з коняй і, вядучы іх на повадзе, падаліся ў цень дрэў. Харунжы ішоў наперадзе; раптам ён абярнуўся і прашыпеў:

— Кладзіся!

Казакі мігам ляглі, а афіцэр, паўзучы, прабіраўся ў самую гушчарню, адкуль чуцён быў рык, тупат і чалавечы голас. Хутка ён вярнуўся і шэптам аддаў загад. Казакі паўскаквалі на коні і паўколам паскакалі пад дарогу, што ішла праз паляну. Яны прыгатаваліся да атакі, і, узяўшы дзіды пасярэдзіне і выхапіўшы шашкі, пачалі чакаць команды. Але команды не дачакаліся, і казакі самі ўбачылі нязвычайнага няпрыяцеля, якога яны зьбіраліся атакаваць. На паляне пасьвілася вялікая белая карова, якую вёў чалавек у падраным аўстрыйскім мундзіру, на вяроўцы, абкручанай вакол яе рог; потым гэты чалавек прывязаў карову да дрэва, лёг пад яе і пачаў выдойваць малако ў кацялок, прыгаворваючы:

— Вось бачыш, Пяструха, цяпер прыдзецца нам з табою не расставацца і ўдаваць з сябе вандроўнікаў у лесе. Ты будзеш карміць мяне сваім малаком, каб я не памёр з голаду. Ну, ну, Пяструха, давай-жа яго болей, ня гань сама сабе! Ведаеш, у сьв. Гэнафэвы было толькі лань, і тая ёй давала толькі малака, што яна магла жыць. А ты-ж як-ніяк тырольскага заводу.

Харунжы паклікаў на мігі бліжэйшага казака і шэптам спытаў у яго:

— Што гэта — палонны? Вар’ят? Ці што?

— Ваша благародзьдзе, — таксама ціха адказаў казак, — у яго стрэльба.

— Няўжо? — зьдзівіўся афіцэр таму, што ў чалавека з кароваю была стрэльба. — Ну, наперад, хлопцы! — крыкнуў ён, і чатыры казакі выехалі на палянку, накіравалі дзіды чалавеку ў грудзі і крыкнулі:

— Рукі ўгору!