Старонка:Svejk.4.pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Добра робіш, браток. Гэта ты добра схавай, а астатняе можна ўсё выкінуць вон. Калі ў цябе ёсьць поўны хлебны мех, лыжка і кацялок, дык ты на вайне не загінеш, таму што для захаваньня жыцьця гэтыя рэчы патрабнейшыя, як стрэльба.

Свайго паручыка Швэйк ужо даўно згубіў, а Балуна ня бачыў ад самае раніцы. Ён спакойна плыў адзін у гэтым чалавечым струмені, які спыняўся, хістаўся, стагнаў і лаяўся, але ўсё-ж нястрымана рухаўся наперад. Перад ім на шашы паганятыя гналі гурты жывёлы, каб яна не засталася няпрыяцелю; цэлыя чароды быкоў, кароў і цялят зьмешваліся з самаахвярнымі ваякамі шэра-сіняе арміі. А няпрыяцель насядаў і яго артылерыя, прыстраляўшыся, пачала слаць знарады ў самую гушчу людзей і жывёлы. Гэта стварыла сярод няшчаснае чацьвёраногае жывёлы, якую ня вымуштравалі канчаць сваё жыцьцё сярод такога фэерверка, — жахлівы перапалох; жывёла ўздрэнчылася, вырвалася і кінулася з апушчанымі рагамі на сьцяну людзей, што была наўкола яе. На шашы стварыліся клубкі цел, што конвульсыйна трапяталіся, каціліся то ў адзін, то ў другі бок. Параненая жывёла, страціўшы розум ад болю і страху, рынулася, зьмятаючы ўсё на сваім шляху, ва ўсе бокі з шашы на волю… Але вось да шрапнэлі расійцы дадалі яшчэ некалькі фугасаў; адзін з іх трапіў у самую сярэдзіну шашы, і ў сумятні, што ўтварылася наўкола яго, разыгралася трагэдыя, якую мала хто з навакольных заўважыў. З-за дзівоснага слупа дыму вынырнула раптам ладная гатунковая карова, як сьляпая, кінулася, нахіліўшы галаву, з усіх наперад і ўсадзіла свае доўгія вострыя рогі ў ранец нейкага салдата, што крочыў ускраем дарогі, і стрымглаў памчалася ў поле. А на яе рогах матляхаўся на папрузе ад ранца салдат, дзіка размахваў рукамі і дзёрся на ўвесь голас:

— Стой, стой, дурная! Цябе-ж расстраляюць за дзяржаўную здраду. Стой!.. Не, такое штукі са мною яшчэ ніколі не здаралася!..


Разьезд 8-га Данскога казацкага палка асьцярожна, крок за крокам, прабіраўся наперад. Гэта быў галаўны разьезд атраду, што ішоў на зьмену змучаных частак 3-га Каўкаскага