цам гумовая, а доктар, якому зрабілася ніякавата, зьвярнуўся да салдат, што сабраліся наўкола гэтага нябачнага відовішча:
— Хто яго ведае? Гэта наш таварыш ці вораг?
Ніхто гэтага ня ведаў. І раптам аднекуль ззаду праціскаўся да самога генэрала ўдалы ваяка Швэйк і, гледзячы ў твар чалавечае разваліны, што выгіналася ля афіцэрскіх ботаў, — з паўхмылкаю сказаў:
— Так што, дазвольце далажыць, гэта чалавек. Асьмелюся далажыць, што калі людзі разьдзенуцца дагола, дык яны нічым ня розьняцца адзін ад другога, і толькі вельмі рэдка можна пазнаць, адкуль яны і з якое дзяржавы. Так што, мосьць, нават сабакам даводзіцца чапляць нумаркі на аброшкі і нават гусям, і курам чапляюць на ногі кольцы, каб не памыліцца, чые яны. Вось дазвольце далажыць, у Міхле жыла нейкая мадам Круцек, гандлярка малаком, дык у тае нарадзілася трайня, тры дзяўчынкі, а яна, іх родная маці, павінна была намаляваць ім атрамантным алоўкам розныя знакі на задкох, каб не пераблытаць іх, гэта дзяцей, калі яна іх карміла.
— Але, але, гэта правільна. Ён чалавек, ён яшчэ чалавек, — прагаварыў доктар Вітроўскі, кінуўшы сваім спадарожнікам. — Так, значыцца, панове, пойдзем далей!
За яго сьпіною збляднелы паручык Лукаш хапіўся рукою за шыю і высунуў язык, каб прымусіць Швэйка замаўчаць і паказаць яму, што ён ізноў адпаліў штуку, за якую яму пагражала быць павешаным.
☼
Батальёну так і не зьмянілі, і агорклае жыцьцё цягнулася з дня на дзень далей. Бруд і кароста ўзмацняліся, вошы пладзіліся ў прапацелай бялізьне, якая доўга не зьмянялася, і вайна, якую вялі з імі вачыма і пазногцямі, ня мела посьпеху. Пазногці хрусталі ад раніцы да вечару ва ўсіх швох кашуль і нагавіц, а на другі дзень пачыналі змаганьне ізноў. Нават ізоляванае становішча Лукаша ў сваім бліндажы, дзе яму не даводзілася непасрэдна мець справу з ніжэйшымі чынамі, ня выратавала яго ад шэрае нечысьці. Аднаго разу Швэйк прыкмеціў, як паручык шукаў у сябе раніцою пад пахамі вошай, якіх ён проста выграбаў адтуль і кідаў іх у траву; яны былі буйныя