Старонка:Svejk.4.pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

браткі: сам палкоўнік, чужыя афіцэры, дактары і адзін генэрал.

Па акопах, і сапраўды, праходзіў галоўны доктар Вітроўскі, той самы, які ўночы прыслаў клёзэтнае паперы.

Гэты галоўны доктар быў у палоне навязьлівае ідэі, што дэзынтэрыя, халера і тыфус зьяўляюцца ад таго, што ў прыбіральнях ня было паперы; і вось ён хадзіў па акопах і цікавіўся, колькі яе патрэбна будзе на гэтую мэту. Тымчасам ён тлумачыў сваім спадарожнікам:

— Але, панове, чыстата — вялікая справа. З захворваньнямі і сьмяротнасьцю ў арміі можна змагацца толькі пры дапамозе клёзэтнае паперы.

Выказаўшы гэтыя мудрыя словы, ён на чале высокіх наведвальнікаў пакінуў прыбіральныя месцы і амаль адразу-ж наткнуўся ў акопе на дзіўную процэсію. На расхіненым кавалку брэзэнту два салдаты несьлі голага чалавека, які ўвесь курчыўся, кідаўся, і час-ад-часу ёрзаў усімі цягліцамі, над якімі ён страціў, мусіць, усялякае кіраўніцтва.

— Што такое? — спытаў генэрал, спыніўшы салдатаў.

— Маю гонар далажыць, — ледзьве выгаварыў ад жаху той, які ішоў наперадзе, апускаючы брэзэнт з голым чалавекам на зямлю, — што гэта — жывы труп. Яму патрэбна было быць мёртвым, а ён жыве; ён быў сярод забітых і раптам ажыў.

— Нэрвовае страсеньне ад выбуху знараду, — самаздаволена зазначыў доктар Вітроўскі. — Вось калі ласка, панове, прыгожы, клясычны, надзвычайна характарны прыклад. Гэта наш ці расіец? — спытаў ён, нахіляючыся над голым чалавекам.

Невядомы безразважным зіркам глядзеў са свайго брэзэнту на гурт начальства, што быў навакол яго, і нічога не адказаў. Тады генэрал прыгнуўся да самага ягонага вуха і крыкнуў:

— Наш ці расіец? Чэх? Мадзьяр? Немец? Паляк?

Але заміж адказу цела няшчаснага шалёна курчыла ва ўсе бакі, ногі ўскідваліся ўгору, быццам у скоках, а рукі як быццам нешта лавілі, прычым пальцы сьціскаліся і расьціскаліся. Тады галоўны доктар яшчэ раз правугніў:

— Кажы: аўстрыец ці маскаль?

У Лукаша мароз прабег па скуры, калі ён зірнуў на гэтага няшчаснага, галава якога білася аб зямлю і падскоквала, быц-