Старонка:Svejk.4.pdf/213

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раптам сярод іх паказаўся вялікі плямісты сабака. Ён ткнуўся носам у забітых, падлез пад расійскую драцяную агароджу, ёглячы ад болю, затым, што калючкі рвалі яму скуру, і падбег да кучы трупаў, вакол якое працавалі магільнікі. Ён усіх абнюхаў, абышоў наўкол і проста кінуўся да аўстрыйскіх акопаў, не бяручы ўвагі на крык: «Казьбек, сюды! Казьбек!».

Ён шчасьліва мінуў агароджу і ўскочыў, быццам каго-небудзь шукаючы, у акоп; а потым ён забраўся ў бліндаж, дзе з некалькімі другімі салдатамі сядзеў Швэйк і абмяркоўваў становішча, што стварылася пасьля бойкі і атрыманьня харчоў.

— Наш паручык запатрабаваў зьмену, — запэўніваў усіх Швэйк, — і ўначы нас абавязкова зьменяць.

— Ну, калі-б нас зьбіраліся зьмяніць, — запярэчыў капрал Рыцына, — сюды ня прывезьлі-б гарачае стравы, а тым больш пайкоў. Ззаду нас, братка ты мой, няма ні душы; мы застанемся тут, пакуль нас усіх не пераб’юць.

— Глядзеце, браткі, сабака! І якраз, як мой Фокел! — задаволена крыкнуў у гэты момант Клейн, бядняк з-пад Табару. — Фокель, Фокель, ідзі сюды, ідзі, дурасьлівы!

Ён цмокнуў языком; сабака, віляючы хвастом, спыніўся перад ім, пазволіў прылашчыць сябе і ўзяць за аброшку. І Клейн, шчасьлівы, што знайшоў тут нешта роднае, абняў сабаку і пацалаваў яго, прыгаворваючы:

— Ух, ты сабачка, ух, ты мой харошы! І якія ў яго прыгожыя вочы! Ні ў кога на сьвеце няма такіх вачэй, браткі, як у жывёлы. У мяне дома было пара валоў, якіх я сам і выгадаваў. І вось у аднаго з іх былі такія вочы, што нават у дзевы Марыі не маглі быць прыгажэйшыя. Браткі, — сказаў Клейн неяк дзіўна ў нос, — я жыў толькі дзеля гэтых валоў, а паміраем дзеля яго імпэратарскай вялікасьці, — дадаў Швэйк да гэтага сардэчнага крыку. — А ведаеш, сябра ты мой, што…

Ён замаўчаў, таму што звонку пачуліся ўсхваляваныя салдацкія галасы; потым чутно было, як гаварыў паручык Лукаш: неўзабаве ўсё сьціхла, у бліндаж зазірнуў нейкі салдацік і шэптам паведаміў:

— Гэта таму, што цяпер перамір’е, дык і зьявіліся; а то ўжо, напэўна, і ня глянулі-б сюды! На агляд прыехалі,