Старонка:Svejk.4.pdf/212

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мары. Колькі аркушаў вам патрэбна?» Дазвольце далажыць, пане паручык, я атрымаў таго разу ад пана Какошкі толькі аплявух, што ў мяне яшчэ і сёньня, як згадаю, у вушох зьвініць. Таму што пан Какошка быў вельмі сур’ёзны чалавек і прагнаў свайго лепшага прыказчыка, пана Таўхэра, толькі за тое, што той сказаў яго экономцы, калі тая прышла да нас у магазын і спытала: «Ці ёсьць у вас зельле на каханьне?» адказаў: «О, пэўна, у мяне заўсёды ёсьць мэта каханьня, а асабліва, калі я бачу вас».

Балун заснуў на мяшкох з нечаканым грузам, а паручык Лукаш вышаў з бліндажа, таму што страляніна збольшага перасьціхла. Швэйк залажыў пярэстыя пачкі паперы ля сьцяны, разважаючы пра тое, што, уласна, патрэбна было-б прыслаць яшчэ конфэці і сэрпантын…

Каля дзевяці гадзін страляніна зусім перасьціхла і расійцы запрапанавалі праз парлямантэра перамір’е, каб можна было падабраць параненых і пахаваць забітых. Іх было нямала, і яны ляжалі толькі ў некалькіх кроках ад аўстрыйскае загарожы з калючага дроту. Пасьля сканчэньня ўсіх формальнасьцяй, паручык Лукаш загадаў, каб рабочая команда батальёну дапамагла расійцам капаць магілы. Узводны, пад начальствам якога працавала гэта команда, неўзабаве прыслаў паведамленьне, што сярод забітых расійцаў трапляюцца і аўстрыйцы. Напэўна, варта і сакрэты не пасьпелі вярнуцца ў свае акопы і былі забіты стрэламі з абодвых бакоў.

З вёскі пад’ехалі кухні і абоз з хлебам і пайком: акопы заварушыліся, з бліндажоў узьняліся палойкі дыму і другая зьмена рабочае каманды паправіла зруйнаваньні, зробленыя бомбардыроўкаю. Салдаты, накормленыя і здаволеныя, павылазілі з акопаў і сталі глядзець на работу магільшчыкаў і санітараў, якія адносілі параненых ў тыл, а забітых, разьдзеўшы дагола, складвалі ў кучы. Забітых набіралася ўсё болей і болей і кучы павялічваліся праз кожную хвіліну.

Расійцы таксама паказаліся на грэбяні сваіх акопаў; яны стаялі, пераступаючы з нагі на нагу, перад тымі людзьмі, якіх яны яшчэ гэтаю ноччу хадзілі забіваць і якія павінны былі забіваць іх саміх, і зьдзіўлена і тупа глядзелі на вынікі бойкі.