— Так што, пане паручык, — адказаў адзін з працоўных, — нам невядома, што ў іх ёсьць. А толькі от пакет ад пана палкоўніка Шрэдэра. Нам загадалі даставіць яго, каб тут няма ведама што, і дакляравалі за гэты срэбны мэдаль і тыднёвы водпуск.
Паручык разарваў пакет і хутка прабег колькі радкоў: «Тое, што ў мяшкох, неадкладаючы тэрмінова раздаць людзям даручанага вам батальёну, пераканаўшы іх, каб яны трацілі ашчадна». Падпісана: «Палкоўнік Шрэдэр».
— Халера іх ведае, што там можа быць? — лаяўся паручык, шчупаючы мяшкі. — Ручныя гранаты? Патроны? Сыгнальныя ракеты?
Ён загадаў Швэйку паглядзець, што ў мяшкох. Балун, у якога загарэлася іскра надзеі, кінуўся на дапамогу Швэйку, бо ён думаў, што ў мяшкох — сухары.
Пад вострымі нажамі вяроўка ў момант паляцела, і швэйкавы рукі зьніклі ў сярэдзіне аднаго мяшка. Пасьля яны ізноў паказаліся і выцягнулі прыгожа зложаныя і зьвязаныя пачкі танюсенькае паперы. Швэйк перадаў іх Лукашу.
— Што гэта такое? — прастагнаў паручык Лукаш. — Папера, тонкая папера! Салдатам на цыгаркі? Ды гэта-ж тытуну не раздаюць?
Паручык зьбянтэжана глядзеў на мяшкі і на салдат, што прынесьлі іх.
— Так што, — заявіў адзін з іх, — дазвольце далажыць, учора нейкія старшыя дактары, генэралы, рабілі агляд у вёсцы і заглядвалі ў клёзэты. Дзяншчык пана палкоўніка расказаў, што у клёзэтах ў іх гаварылі, што нібы салдаты скарыстоўваюць у клёзэтах лісты з дому, малюнкі сьвятых і портрэты імпэратара, што на фронце страшэнная патрэба ў шматку паперы, і што ад гэтага церпіць пачуцьцё павагі да сям’і, да рэлігіі і да існуючага ладу. Так што, пане паручык, асьмелюся далажыць, гэтая папера мусіць…
— Езус-Марыя! — радасна перапыніў яго Швэйк. Тут-жа нам пасылаюць бурай, белай, ружовай і блакітнай! Так што, пане паручык, я яшчэ ніколі ня бачыў гэткай прыгожай клёзэтнай паперы! Ах, тут ёсьць і ў роліках з надпісамі: «Чыстата — палова здароўя». От, дазвольце аказаць, пане паручык, будзе асалода хадзіць да ветру! Калі раздаць яе хлопцам, яны цэлымі