Старонка:Svejk.4.pdf/209

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

беснага прычасьця, і не захоча-ж ён зьявіцца туды з поўным брухам. У самым пачатку вайны, пасьля бойкі пад Замосьцем, фэльдкураты пашлі прычашчаць на поле бойкі, ды і з Замосьця з імі пашоў і рабін паглядзець, ці няма там якога-небудзь канаючага яўрэя, якога ён-бы мог духова ўцешыць. От ідзе ён з адным фэльдкуратам і глядзіць, як адбываецца звычай апошняга алеяпамазаньня цяжка параненых, і раптам пад кустом яны знаходзяць двух параненых салдат. Адзін з іх быў хрысьціянін, а другі — яўрэй. От фэльдкурат і дараваў свайму грахі, і сабораваў яго, і духова ўцешыў яго. «Сыне мой, — гаварыў ён, — цяжкія твае раны і канчаецца тваё жыцьцё; але не палохайся, бо яшчэ сягоньня ты ўгледзіш аблічча бога і вечна ў захапленьні будзеш дзівіцца на яго». І от салдат пацалаваў крыж і памёр. А рабін таксама памаліўся над салдатам-яўрэем і таксама захацеў уліць у ягоную душу надзею на далёкую дарогу, і сказаў: «Майсей, я бачу, што нядоўга табе ўжо заставацца тут, але не ўдавайся ў роспач, таму што для ўсіх настае час, калі трэба пакінуць свае справы. І ты сканаеш так хутка, што яшчэ сягоньня будзеш вячэраць з Абрамам». Тады салдат плюнуў і ўздыхнуўшы адказаў: «Бачыць бог, што мне саўсім ня хочацца есьці». Так што, Балун, стары грэшнік, падрыхтуйся да падарожжа ў рай.

Балун стаў на калені і пачаў цалаваць аправу свае кантычкі; у гэту хвіліну знарад так недалёка грохнуў ад іх, што са столі пасыпалася гліна, і Швэйк многазначна прамовіў:

— Зараз нам будзе аман!

І раптам сярод найвялікшае канонады пачуўся знадворку голас:

— Командзіра! Дзе командзір? Командзіра!

— Швэйк, схадзі паглядзі, каго тут нячыстая прынесла, — загадаў паручык Лукаш. — Ліха на яго, можа гэта ордынарац з загадам, каб нам уцякаць адгэтуль.

Швэйк закульгаў на голас, што не перасьціхаў: «Командзіра! Дзе командзір?», і неўзабаве вярнуўся з двума салдатамі, што цягнулі на плячох вялікія, цяжкія мяшкі.

— Паёк? Сыр, консэрвы, сала? — запытаўся, выходзячы да іх насустрач, паручык Лукаш.