ён насунуў на сябе лахманы валацугі і падыбаў у Прагу. Абходзячы гасьцінец, ён стараўся прайсьці палёвымі дарожкамі і, вядома, наскочыў на жандарскі патруль. І яго тыя забралі як валацугу, а на другі дзень раніцою прывялі ў суд, у Збраслаў, бо ўсякі мог назваць сябе Язэпам Божэтэхам, пераплётчыкам з Доўгае вуліцы, № 16, у Празе.
Сакратар суду, што вельмі мала разумеў па-чэску, падумаў, што падсудны паказвае адрас свайго супольніка і таму перапытаў яго:
— Гэта дакладны адраз: Прага, № 16, Язэп Божэтэх?
— Ці ён жыве там і цяпер, я ня ведаю, — адказаў Швэйк, — але тады, у 1908 годзе, ён бязумоўна жыў там, ён вельмі нядрэнна пераплятаў кніжкі, але толькі вельмі затрымліваў іх, таму што ён перш прачытае іх, а потым ужо робіць пераплёт згодна са зьместам. Напрыклад, калі ён даваў у кнізе чорную сьпінку, дык ня трэба было і чытаць яе, бо адразу было зразумела, што роман скончыцца вельмі сумна. Магчыма, вам патрэбна яшчэ якія падрабязкі? Дык от, каб не забыцца: ён кожны дзень сядзеў у рэсторане: «На рагу» і апавядаў зьмест усіх кніг, што давалі яму пераплятаць.
Маёр падышоў да сакратара і штосьші шапнуў яму на вуха, пасьля чаго той замазаў у протоколе адрас нібы змоўшчыка Божэтэха.
Паседжаньне суду пад старшынствам генэрала Фінка фон-Фінкенштэйна цягнулася далей.
Падобна да таго, як у некаторых людзей бывае манія зьбіраць скрыначкі ад запалак, так у гэтага генэрала была манія назначаць вайскова-палявыя суды, хоць гэта, у большасьці выпадкаў, супярэчыла законам вайсковага судоўніцтва. Гэты пан любіў паўтараць, што яму ня трэба аўдытара, што ён сам прызначае склад суду і што паганец павінен быць праз тры гадзіны на шыбеніцы. І, пакуль гэты генэрал быў на фронце, палявому суду заўсёды ставала працы.
Як іншага чалавека цягне штодня пайграць у шахматы, кеглі або карты, так і гэтага адважнага ваяку цягнула да палявога