Старонка:Svejk.4.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

суду: ён кожны дзень быў яго старшынёю і з вялікаю сур’ёзнасьцю і радасьцю абвяшчаў падсуднаму шах і мат.

Аддаючы даніну сантымэнтальнасьці, варта было-б адзначыць, што на сумленьні гэтага чалавека быў не адзін дзесятак людзей, асабліва на ўсходнім фронце, дзе яму, паводле яго словаў, даводзілася змагацца з вялікарускаю прапагандаю сярод галічанаў. Але ў чалавека бяз сумленьня няўжо можа быць што-небудзь на сумленьні?

Справа ў тым, што ў яго сапраўды ня было сумленьня. Загадаўшы павесіць якога-небудзь настаўніка, настаўніцу, папа або цэлую сям’ю (вядома, па загаду ваенна-палявога суду!), ён спакойна вяртаўся ў сваю палатку, як азартны ігрок у брыдж вяртаецца з гасьцей і ўспамінае, як ён дубляваў і як контрпартнэры рэдублявалі, а ён абвясьціў «брыдж», і як ён выйграў у гульню і запісаў за онэры і ўзяткі і к робэру… Ён лічыў, што павесіць, гэта штосьці простае і натуральнае, штосьці падобнае да штодзеннага хлеба, і часта забываўся, выносячы прыгавар, прачытаць сакрамэнтальную формулу: «Паводле загаду яго імпэратарскае вялікасьці… суд… прыгаварыў… да кары сьмерцю праз павешаныне», а проста абвяшчаў: — Я прыгаворваю, каб вас павесілі.

Часамі ён знаходзіў у працэсе вешаньня нават комічны бок, праз што пісаў сваёй жонцы у Вену… «і ты, мая любая, ня можаш сабе, напрыклад, уявіць, як я сьмяяўся, калі гэтымі днямі прыгаварыў павесіць за шпігоўства аднаго настаўніка… У мяне ёсьць на гэтыя рэчы вельмі спрактыкаваны з вялікаю практыкаю фэльдфэбэль, што займаецца гэтымі справамі дзеля спорту. Я быў якраз дома, у палатцы, як гэты фэльдфэбэль зьявіўся і запытаўся, дзе яму павесіць прысуджанага настаўніка. Я яму кажу: на бліжэйшым дрэве. І от уяві сабе комізм такога становішча! Мы былі ў стэпе, дзе шмат міль наўкола нас толькі адна трава і ніводнага дрэўца. Ну што-ж, мой загад ёсьць загад, дык мой фэльдфэбэль узяў настаўніка і некалькі чалавек канвою і паехаў шукаць якога-небудзь дрэва, вярнуліся яны толькі пад вечар і разам з настаўнікам. Падыходзіць да мяне фэльдфэбэль і пытаецца зноў: на чым па-