арміі, вы добрахвотна апранулі на сябе расійскую вайсковую форму. Таму я вас апошні раз пытаюся: што павяло вас на гэткі ўчынак?
— Я зрабіў гэта з уласнае добрае волі.
— Зусім добраахвотна?
— Зусім добраахвотна.
— Без усялякае прынукі з боку?
— Без усялякае прынукі.
— Вы ведаеце, што вы прапалі?
— Так, ведаю. У 91-ым пяхотным мяне ўжо напэўна даўно шукаюць, а толькі, дазвольце, пане маёр, расказаць, што можа трапіцца, калі чалавек добраахвотна адзене чужое ўбраньне. У 1908 годзе, у ліпені, пераплётчык Божэтэх, з Доўгае вуліцы ў Празе захацеў неяк пакупацца ў Бэроўне. Ну, от ён распрануўся, палажыў сваё адзеньне пад вербалозам і быў вельмі задаволены, кал ў вадзе да яго далучыўся яшчэ адзін пан. Вядома, слова да слова — пазнаёміліся, пачалі плюскацца, пырскацца ды так і правялі час да самага вечару. Пасля гэты чужы чалавек першы вылез з вады, бо, казаў ён, пара вячэраць. А пан Божэтэх яшчэ крышачку застаўся пасядзець, а як таксама сабраўся выходзіць, дык убачыў, што няма яго адзеньня, а замест яго знайшоў нейкія лахманы, што носяць толькі валацугі, і да іх была прышпілена пісулька: «Я доўга быў ня ўпэўнен, што мне рабіць. Таму што мы так міла правялі час у вадзе, дык я сарваў кветку рамону і загадаў: так ці не, так, ці не. Апошні пялёстак, што я сарваў, вышаў — «так!» Таму я і памяняўся з вамі на адзеньне. Вы ня бойцеся апрануць на сябе маё рызьзё. Вошай у ім няма, бо яно толькі на тым тыдні было ў дэзынфэкцыі ў Добжычы. А другім разам вы лепш глядзіце, з кім купаецеся. У вадзе, вядома, кожны чалавек выглядае, як дэпутат, а, між іншым, ён, магчыма, забойца ці бандыт. От, вы таксама не пацікавіліся з кім купаецеся, а толькі думалі пра купаньне. Што-ж, цяпер пад вечар вада самая прыемная. Ускочце ў яе яшчэ разок, каб вам крышку схамянуцца».
— Ну, пану Божэтэху нічога іншага ня засталося рабіць, як пачакаць, калі зьмеркнецца, — казаў далей Швэйк. — Тады