Кухні не падыходзілі, абоз адсылалі назад, бо знарадам забіла каня першае хурманкі, і агонь увесь час трымаўся па лініі дарогі. Такім чынам, ежы не раздавалі двое сутак, і ў акопах галадалі.
Паручнік Лукаш дазволіў зьесьці «недатыкальны запас», але гэты запас быў ужо даўно зьедзены і ператраўлены; бо, хоць унтэр-афіцэры штодня павінны былі правяраць, ці ёсьць у салдат консэрвы, іх усё-ж такі цішком зьядалі, каб на выпадак параненьня ці сьмерць ў бойцы яны не засталіся санітарам.
Вайна рабіла з людзей вынаходцаў: бляшанкі асьцярожна адкупорваліся, апаражняліся, ізноў запячатваліся і насіліся парожнімі; у час аглядаў консэрвы ў салдат заўсёды былі ў парадку, і мінула досыць шмат часу, пакуль здагадаліся, што бляшанкі трэба браць у рукі і больш пільна аглядаць.
Да няўдачнікаў, якія былі выяўлены ў ашуканстве сваіх начальнікаў, належаў і Балун, што зжор свой «недатыкальны запас» ужо на другі дзень, калі нейкі шальмаваты салдат навучыў яго, як гэта зрабіць. І от цяпер ён у роспачы бегаў туды і сюды, спрабуючы знайсьці якую-небудзь ежу, але нічога ня мог расстарацца, бо консэрвы Лукаша пасьпелі зьнікнуць. Балун саўсім страціў галаву і пачаў плявузгаць, што пачынаецца «сьветапрастаўленьне» і пачынаецца дзень страшнога суду; ён сядзеў у кутку бліндажа і маліўся па маленькай кантычцы, якую жонка паслала яму з дому разам з вяндлінаю, каб у яго была і духовая страва.
Тае самае ночы расійцы зрабілі атаку на аўстрыйскія позыцыі, а пад раніцу паўтарылі яе. Наўсьцяж усяго ланцуга акопаў траскатаў пякельны агонь; ззаду іх і ў калючым дроце агарожы рваўся знарад за знарадам, і Балун, заткнуўшы сабе вушы, прыказваў:
— Настаў ён, настаў! Сьпярша нас марылі голадам, а цяпер саўсім забіваюць.
— Што-ж і гэта можа стацца, — аказаўся Швэйк, прысланіўшыся да сьцяны і вызначаючы па яе хістаньні, на якой адлегласьці разарваўся знарад. — А ты ведаеш, што перад сьмерцю трэба добра папасьціць. Паміраць — гэта яшчэ больш важная справа, як ісьці да прычасьця. Па сьмерці чалавек ідзе да ня-