Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пакуль Швэйк наводзіў паніку «клёзетнымі тэлеграмамі», Балун рупна разаграваў на агні свой кацялок. Пад уплывам вечнага голаду Балун лёгка стаў ахвяраю захапленьня, што, паміж іншага, перашло і на іншых салдат: ніксаваць кацялкі ў сярэдзіне і задумляць новыя патравы з экзотычным смакам, з прычыны зьмены абелу ў кацялку. Часта, вяртаючыся, Швэйк заставаў Балуна ў суседнім бліндажы над шмараваньнем кацялка кавалачкам сьвіное скваркі; ён то награваў, то абціраў анучкаю кацялок, каб ён блішчэў, як срэбра. Пасьля ён даставаў з рэчавага мяшка розныя скруткі і пакуначкі і пачынаў тлумачыць:

— Перш-на-перш ты, братка, палажы туды кавалачак сала, потым прыпраў нацёртага часнаку і колькі каліў перцу і дай смажыцца. Пасьля вазьмі лыжку мукі, колькі штук сушаных сьлівак і залі вадою так, каб яно згусьцела, калі прастыне. Можна палажыць і драбок цукру, але канечне не забудзься гэтую штуку пасаліць. А калі ты яшчэ дадасі кубік сухога бульёну «Магі» і пакроенага на лустачкі хлеба, дык будзе такая смачная яда, якой ты ня знойдзеш ні ў якім рэсторане.

Посьпех гэткае стравы можна было лёгка растлумачыць, таму што армія забясьпечвалася з перапынкамі; расійцы пільна сачылі ўдзень і ўночы і рабілі немагчымым падвоз у вялікім памеры. Як толькі батальённы абоз пачынаў грукацець недалёка ад якой-небудзь вёскі, на вуліцы пачыналі ўжо рвацца знарады. Кухня пад’яжджала адно пад раніцу і заўнімалася за паўгадзіну хады ад акопаў, і салдатам даводзілася ў цемры цягнуцца да яе са сваімі кацялкамі.

Раздатчык прынёс тры пасудзіны з вараным рысам і накрышаным ліверам на дзесяць чалавек; салдаты рупна праколвалі новыя дзюркі ў сваіх папружках. Хлеба давалі па чвэртцы булкі на дзень, а сыра адно дзюркі з тоненькім абадком; консэрвы з кавы былі дрэнь дрэньню, таму што на консэрвовых фабрыках туды дамешвалі замест кавы высеўкі, а сала прыпадала на чалавека па такім маленькім кавалачку, якімі шпігуюць зайца. Але Балун умудрыўся рабіць і з малога.

Аднаго разу расійцы ўзяліся абстрэльваць вёску. Яны распачалі страляніну з цяжкіх гармат і стралялі ўсю ноч; на працягу дня яны адно час-часом пасылалі «гасьцінца», каб паказаць, што яны не заснулі, а з цемраю агонь ізноў павялічаўся.