Старонка:Svejk.4.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хвіліне… Дарагі мой, за ўсё жыцьцё мне не давялося зьведаць таго, што таго вечару. Цырк быў паўнюсенькі, не ўважаючы на патроеныя цэны, і пан Тухічэк абыходзіўся са мною ну проста, як саракапут з майскім жукам! Ён душыў мяне так, што я задыхаўся, і шпурляў мяне на пясок, як няшчасную варопаўку; я за яго адно чапляўся, каб не паваліцца ад слабасьці. Нарэшце я яму шапчу: «Ну, цяпер!» і ён наваліўся на мяне ўсім цяжарам і націснуў мне каленам на грудзі, а пасьля наступіў мне нагой на жывот і пачаў адбіваць паклоны перад публікаю. Узьняўся такі роў, што ў Заботцы людзі павыскаквалі ў адных сарочках на вуліцу, а званар палез на званіцу біць на трывогу, нібы Заботку забралі прусакі. А пасьля дырэктаршы ўвесь тыдзень давялося расьціраць мяне — да таго я ўвесь быў у сіняках і падцёках!»

— Загэтым, браткі, — скончыў Швэйк сваё апавяданьне, — нельга было-б і царом даць веры, што яны ня ўмовіліся як-небудзь сшальмаваць, нават каб яны вырашылі пакончыць справу паміж сабою паядынкам або францускай барацьбой. От калі аднаго разу адбываўся чэмпіёнат францускае барацьбы ў Празе, дык тады, сапраўды, усё было іначай. У той час барацьбіт Урбах з Нямеччыны адарваў вуха і расквасіў нос нашаму Шмэйкалю, што вельмі павялічыла сымпатыі да пана Шмэйкаля. Ён, ведаеце, расьцёр сабе кроў па ўсёй сваёй мызе і сказаў з гэтае прычыны прамову, каб публіка мела ўяўленьне аб тым, што яму даводзілася зносіць за межамі, раз нават у залатой славянскай Празе немец адважваецца адхрысьціць яго так. Але потым у барацьбе вольным стылем ён так адплаціў Урбаху, што немец выў бялугай, а дзьве біляцёршы траха не памерлі, дапамагаючы пану Шмэйкалю рукамі і нагамі, каб бэрлінец ня вырваўся з ягоных лап. А ўвечары яны абадва напіліся дап’яна ў «Графе» ў Вінаградах і пачалі абнімацца і цалавацца, таму што ў барацьбітоў гэткі звычай — абыходзіцца адзін да аднаго па-рыцарску. Але гэта надта доўгая гісторыя, і я раскажу яе вам другім разам; а зараз мне трэба ісьці, бо, пэўне, ужо раздаюць паёк.

Ён пашоў, і неўзабаве раздалося ў другім месцы:

— Браткі, заўтра на ўсім фронце пачнуць наступаць, і наша 12-я рота першая пакажа няпрыяцелю, дзе ракі зімуюць. Прышоў гэткі загад ад самога імпэратара; ён надта хоча, каб вайна як мага хутчэй скончылася.