Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўзлавала, так што я пакінуў тачыльнае кола разам з ёй на вуліцы і змыўся. І ці дасі веры, дружа, што я спаткаў яе адно праз тры гады на вялікай дарозе за Кралавіцамі пад Плзенам? Я зьбег ад яе ў Наву-Паку, а там быў нейкі Шымэк са сваім цыркам, і ён адразу прыняў мяне да сябе ў трупу, як непаражальнага індыйскага факіра, дакорніка тыграў і караля джунгляў. Але ў Паке людзі цёртыя, і цырк у нас пуставаў і бяз дзіва — у Шымэка было ўсяго двое коняй, муштраваная каза і сабака, якога я нічога ня мог навучыць, а таксама выступала ягоная жонка з вучонай малпай. Тады мы надумаліся пераехаць у Нова-Боўзаў, таму што Шымэк казаў, што там яшчэ ніколі ня было цырку, што гэта, так сказаць, бязьвінны горад. Далі мы першы gala-паказ, і прышло ўсяго некалькі хлапчукоў; далі другі з сталічнаю програмаю — ізноў адны ўсяго хлапчукі. Крэслы пуставалі, добрай публікі як ня было, так і няма. Пачухаў сябе Шымэк за вухам, а пасьля даў тэлеграму ў Прагу, паехаў сам у Нова-Балеслаў, і прывёз з тамтэйшае друкарні вялікія афішы: «Сёньня і штодня ў Цырку Чэмпіёнат францускае барацьбы на годнасьць Чэмпіёна сьвету і ўзнагароду на дзесяць тысяч крон. Барацьба цягнецца да канчатковых вынікаў». Раніцою мы расклеілі гэтыя афішы, а ў полудзень прыехалі тры паны з Прагі, якія нікому не назвалі сваіх прозьвішчаў, а толькі запыталіся дырэктара. Выявілася, што гэта — чэмпіёны Нямеччыны, Расіі і Португаліі. Увечары адбылася барацьба, і я ўдаваў сябе за чацьвертага, «Чорную Маску». А наш спрытны дырэктар, Шымэк, тымчасам пад сакрэтам расказаў у шынку, што гэта «Чорная Маска» — адзін грамадзянін з Боўзава, што захацеў астацца невядомым. Увечары цырк быў паўнюсенькі, як зачыніць, так што ледзьве ня было парвана на шматочкі парусіна, і пасьля звычайнае програмы адбылася барацьба. Зразумела, дружа, мы наперад змовіліся, на каторай хвіліне і хто каго паложыць на лапаткі, але гэтыя падлюгі шпурлялі мяне так, як анучу, так што таго вечару я паклаў на абедзьве лапаткі ўсяго чэмпіёна Партугаліі, а чэмпіёны Нямеччыны і Расіі так і непаддаліся. На другі дзень той, што ўдаваў сябе за чэмпіёна Расіі, таксама даў сябе перамагчы, і цырк роў ад захапленьня. На трэці дзень Шымэк абвясьціў, — бразгаючы ў бубен, як мае быць! — што чэмпіёны, якія зьехаліся на спаборніцтва, выкліка-