Печака. — Ну, скажэце, даражэнькія, хіба ня было-б куды прасьцей, каб кожны батальён або полк, або скажам, дывізія выбралі-б па адным прадстаўніку, а іншыя былі-б судзьдзямі ў барацьбе? І калі-б рускі накляпаў нашаму, дык мы лічыліся-б пераможанымі, а калі-б наш зьбіў на порахаўку маскаля, дык рускія павінны былі-б здацца. І пры гэтым мала каму прышлося-б старацца, каб перамагчы. Я чытаў калісьці пра такі спосаб весьці вайну вельмі цікавы роман, пад назваю «Сон паляўнічага на мядзьведзяў». У гэтым романе ёсьць гэрой, якога звалі Ольд-Чэтэрхенд, дык от той заўсёды хацеў біцца з індэйцамі адзін за ўсіх сваіх таварышоў. І ня толькі навучаў іх, чырвонаскурых, літасьці і дабразычлівасьці каталіцкае веры, але і страляў індэйцаў, хоць рабіў гэта не з вялікаю ахвотаю. І от гэты Ольд-Чэтэрхенд заўсёды гаварыў сваім таварышом, калі выходзіў біцца адзін-на-адзін з якім-небудзь правадыром індэйцаў: «Ня бойцеся за мяне і спадзявайцеся на бога, які пашле мне перамогу. Я супраціўніка свайго не заб’ю, але каб ён пазнаў, што я — хрысьціянін, я адсяку яму тамагаўкам абедзьве рукі. Наша вера кажа нам быць літасьцівымі нават з імі, чырвонаскурымі сабакамі».
— Гэта неблагая ідэя, — падхапіў Брэчка. — Па-мойму, было-б досыць, каб Вільгэльм або Франц-Іозэф схапіліся з Мікалаем. А ці чулі вы, браткі, што яны адзін аднаму тэлеграфавалі, калі іхныя ўрады пачалі пасылаць дыплёматычныя ноты? Вільгэльм, кажуць, тэлеграфаваў у Пецярбург: «Так і ведай, Нікі, чхаць нам на цябе». А той, дзейкаюць, адказаў: «Паглядзім, Вільлі, хто каго пераплюе. Я цябе не баюся». Ну, а наш старэнькі дзядок паслаў абаім па тэлеграме: «Рабеце, што хочаце. Мне на ўсё начхаць». Дык от калі яны змаглі гэтак дражніцца, то ім варта было-б і пабіцца паміж сабою.
— Тое, што ты кажаш пра Вільгэльма і Мікалая, — шчырая праўда, — з упэўненасьцю прамовіў Швэйк, — але тое, што ты гаворыш пра нашага імпэратара, — агідны паклёп! Ягоная імпэратарская вялікасьць прыняў вестку, што Расія абвясьціла яму вайну, з спакойнай годнасьцю і справядлівым абурэньнем, як пісала газэта «Голас народу». Ён кажуць сказаў савету міністраў: «Чымся больш ворагаў, тым больш гонару!», і «Калі мы аж да гэтых дат ня выйгралі яшчэ ніводнае вайны, дык нам ня так ужо важна прайграць і гэту!» ці нешта накшталт гэтага. Пасьля