Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі гэты гад выходзіў, ён голасна сказаў фэльдфэбэлю, паказваючы на Швэйка:

— Я яго ведаю. Гэта мой стары знаёмы з Кіева.

Праз цэлую пору Швэйк быў адзін, калі ня лічыць тых хвілін, як яму прыносілі ежу.

Уначы ён пераканаўся, што расійскі салдацкі шынэль большы і цяплейшы, як аўстрыйскі, і што зусім ужо ня так няпрыемна, калі мыш абнюхвае вуха чалавека, што возьме задрэмле. Швэйку здалося, што мыш шэпча яму штосьці пяшчотнае. Гэта цягнулася да таго часу, пакуль яго ўдосьвітку не разбудзілі і кудысьці не павялі.

Цяпер у яго зусім вылецела з памяці, што за трыбунал быў гэта, куды яго тае нешчасьлівае раніцы прывялі. Аднак нельга было сумнявацца, што гэта быў палявы суд. Ягонымі членамі былі: нейкі генэрал, пасьля палкоўнік, маёр, паручык, падпаручык, фэльдфэбэль і радавы пяхотнага палка, што нічога, патом, не рабіў, толькі падаваў запалкі іншым членам суду.

Швэйка дапытвалі нядоўга.

Больш за ўсіх выявіў цікавасьці да падсуднага маёр, бо ён гаварыў па-чэску.

— Вы здрадзілі яго імпэратарскай вялікасьці! — закрычаў ён на Швэйка.

— Езус-Марыя, калі-ж гэта? — зьдзівіўся Швэйк. — І як я мог здрадзіць яго імпэратарскай вялікасьці, нашаму каханаму монарху, за якога я ўжо столькі выцерпеў?

— Кіньце вашы жарты! — крыкнуў маёр.

— Але, пане маёр, адважуся паведаміць, што гэта ня жарты: здрадзіць яго імпэратарскай вялікасьці. Мы, вайсковыя, прысягалі нашаму імпэратару служыць вераю і праўдай, і гэту прысягу, як пяюць у тэатры, я, як верны раб, не парушаю.

— Вось тут, — сказаў маёр і паказаў на таўстую справу ў вокладках, — у нас сабраны ўсе доказы, што вы вінаваты.

Гэтыя «доказы» амаль цалкам даў суб’ект, што пасадзілі былі да Швэйка.

— Значыць, вы ня хочаце прызнавацца? — спытаў маёр. — Вы-ж самі пацьвердзілі, што, будучы на службе ў аўстрыйскай