Старонка:Svejk.4.pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўжо лінія фронту. Быў зроблен кароткі адпачынак. Афіцэры пашлі на нараду ў штаб таго палка, частку якога павінен быў зьмяніць іхны батальён; а пасьля батальёну, каб ня зьбіўся з дарогі, далі павадыра, які многазначна сказаў салдатам:

— Пастарайцеся як мага цішэй ісьці, так вас і так. Дарога да якой я павяду вас, адкрыта ў бок няпрыяцеля і ім абстрэльваецца. Калі будзеце спраўляць гармідар, ён зараз-жа пусьціць пару-другую гранат. Ужо надта-ж мне ня хочацца праз вас дарэмна галавою налажыць.

Цыгаркі патухлі, люлькі зьніклі пад каўнярамі шынэляй; салдаты ўзялі ў рукі шанцавы інструмант і рыдлёўкі, каб ня бразгалі аб штыхі, і нібы цені вышлі з вёскі ў поле. Там ім давялося па шырокім ходзе зносін падняцца крыху ў гору; пасьля гэты ход падзяліўся на некалькі больш вузкіх хадоў і афіцэр, што прымаў батальён, накіраваў кожную роту ў другі ход, не пакідаючы адзін ісьці па сярэднім. На ўзвышшы гэты ход неўспадзеўку абрываўся і пачыналіся акопы. І от адусюль з-пад зямлі пачалі зьбірацца ў яго людзі; паколькі ў цемры нічога ня было відаць, яны вылазілі са сваіх нор, нібы чарвякі ці майскія жукі, калі ў красавіку адтае зямля. Адзін за адным выпаўзалі яны справа і зьлева, а афіцэр праціскаўся наперад і падштурхоўваў тых, што кагадзе прышлі, локцямі, паўтараючы заглушаным голасам:

— Чорт вас пабраў-бы, лезьце, хлопцы! У кожны акоп па столькі чалавек, колькі ў ім бойніц для стрэльбаў. Стрэльбы зараз-жа ўстаўляйце ў байніцы. Ну, чаго стаў, парасячы сын? Чакаеш, пакуль у задніцу заробіш?

А тыя, што адыходзілі, раілі:

— Проша пана, не паказвайце галовы! Маскалі страляюць без перастанку! Проша пана, учора ў нас дваіх забілі і дзевяць чалавек паранілі.

Прыемная, няма чаго сказаць, пэрспэктыва.

Швэйк хацеў пра нешта запытацца, але якраз у гэтую хвіліну паручнік Лукаш паклікаў: — Швэйк, Балун! — і таму з ягонае інтэрпэляцыі нічога ня вышла. Яны рушылі сьледам за паручнікам, якога павадыр павёў у бок па глыбокім ходзе афіцэрскі бліндаж.