таліцкага саюзу моладзі, потым перашоў да нацыянал-соцыялістаў і выступаў на іхных мітынгах, а пасьля не пакідаў разьвівацца, пакуль не зрабіўся анархістам. Яго часта садзілі ў вастрог, і ён ад гэтага зрабіўся мэлянхолікам і цьвярдзіў, што на сьвеце няма аніякае радасьці. Неяк аднаго разу ён нам прызнаўся: «Браць у доўг не магу, бо мне ніхто больш не дае. Я разяўлю рот, так мне садзяць за зьнявагу вялікасьці. Замажу я які-колечы дзяржаўны гэрб на паштовай скрынцы, дык мяне таксама зараз-жа бяруць на цугундар. Адным словам, хоць памірай!» І от ён надумаўся засіліцца ўночы на штакетах у Пожыцкім парку, але там яго адгаварыла адна гуляшчая дзеўка і павяла яго да сябе спаць. Гэта шлюндра, даруйце за выраз, пане паручнік, ізноў вярнула яму ахвоту жыць і паказала яму, як слаўна на белым сьвеце. Ён, дазвольце далажыць, заразіўся ад яе трыпэрам, хадзіў лячыцца ў клініку і пасьля, за півам і сасіскамі з хрэнам, расказваў нам: «Цяпер я ведаю, як да іх падступіцца. Я зраблю, каб быў у мяне хронічны трыпэр і буду праз яго помсьціць ім аж да самай сваёй сьмерці. Вы адно ўявеце, таварышы, такі малюнак: профэсар Яноўскі, патайны дарадчык і дастойнасьць, кажа дактаром, што канечнае патрэбна дасьледаваць у мяне прадстальную залозу — гэта нейкая залоза ў сярэдзіне! — і зьвяртаецца да мяне: «Раскірэчце ногі і нагнецеся!» — а потым, шануючы вас і гэтага дня, суне мне палец у задні праход і калупае ў ім. Не, вы адно ўявеце, браткі: патайны дарадчык, ягоная дастойнасьць, а павінен калупаць у мяне ў ср…! Анархіст не захацеў-бы зрабіць гэта нават папу рымскаму!» Такім чынам я, пане паручнік, нічога ня маю супроць інтэлігенцыі і нават час-часом шкадую яе ў цяжкім становішчы. Таму што з беднатою строгасьць патрэбна і каму-небудзь трэба-ж гэтыя строгасьці ўжываць. А каб ня было строгасьцяй, дык адукаваным людзям давялося-б ісьці красьці.
Калі нарэшце прышоў загад зьмяніць батальён аднаго з польскіх палкоў на перадавой позыцыі, у паручыка зрабілася лёгка на сэрцы. Прынамсі гэта была нейкая перамена, што магла быць пачаткам новых перамен, надалей і новых уражаньняў.
Агляд прашоў добра. Наперадзе пачулася команда: «Батальён, крокам… арш!» і атрад рушыў у дарогу. Да зьмярканьня ён дабраўся да апошняе вёскі Тэафілаўкі, за якою пачыналася