мызу на порхаўку схвашчу!» Ну, тут Вомачка і зьехаў яму поўху, а Печанка зьвёў яго палкай па патыліцы, так што ў яго адразу гуз наскочыў. Абодва яны паімчаліся да доктара і кожны з іх атрымаў пасьведчаньне, што адзін аднаго пабіў. З гэтакай паперкай яны пашлі да адвоката і перадалі справу ў суд. Адбылося адно паседжаньне, потым другое, а справе ўсё канца ня відаць, і адвокаты кожнаму з іх нараілі падаць скаргу ў другую інстанцыю, так што яны перанесьлі справу ў крымінальны суд у Празе. А вішняк арандаваў нарэшце такі Вомачка, Печанка-ж узяў сабе сад нейдзе пад Дабрапулем. І от цяпер, пане паручнік, вы самі палічэце: два дактары, два адвокаты, іхныя машыністкі, судзьдзя і яго справавод у Жычане, судзьдзі ў Празе — усе гэтыя людзі займаліся гэтай продукцыйнай работай. Не пасьпелі давесьці справу да канца, настаў жнівень і па вішнях, а ў Празе нейкі дарадчык пры судзе сказаў ім, што іх абодвух пасадзяць у вастрог, і праскія адвокаты параілі ім абаім памірыцца і спыніць справу. Гэтак яны і зрабілі; а пасьля спаткаліся ў «Ступарта», і Вомачка, чухаючы ў раздум’і патыліцу, сказаў Печанку: «А ведаеш, Францль, я быў дурань, я аддаў гэтым адукаваным паном усе мае вішні». Тут Печанка нават пачаў румзаць і, выціраючы рукавом сьлёзы, прамовіў: «Лойзль, я твой брат. Мне таксама цяпер давядзецца даплачваць. Езус-Марыя, што скажуць нашы жонкі?» Так што, дазвольце даведацца, пане паручнік, вы падлічылі, колькі чалавек кармілася з таго, што два дурні ў Оўжыноўцы далі адзін аднаму ў морду?
— Мне здаецца, Швэйк, — задумна прамовіў паручнік Лукаш, — што ты ня вельмі любіш дактароў і асьвечаных людзей. Што яны табе такое зрабілі, што ты на іх такі сярдзіты?
— Ды ніяк не, пане паручнік, яны мне нічога не зрабілі, — з бязьвіннаю ўсьмешкаю на абліччы адказаў Швэйк. — Я вам гэта адно так, да слова, расказаў, пане паручнік, каб вы бачылі, што на сьвеце павінна жыць і глупства. Збаў мяне божа, каб я меў што-небудзь супроць адукаваных людзей або гаварыў супроць іх; гэтае права я аддаю анархістам. Важныя, вучаныя паны — іх таксама час-часам пашкадаваць трэба, бо анархісты з імі надта-ж недалікатна абыходзяцца. Быў, да прыкладу ў Лібэне адзін сьлёсар, Соукуп па прозьвішчы; ён быў маладым чалавекам і таксама анархістам. Перш-на-перш ён быў членам Ка-