Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сам, калі Швэйк выказваў на тое-сёе свае меркаваньні, у паручнікавай галаве мільгала думка: «Гэтаму дзяцюку можна пазайздросьціць, даліпан. Ягоная прыдуркаватасьць — большае шчасьце, як выйгрыш на дзьвесьце тысяч».

Палкоўнік Шрэдэр распарадзіўся праводзіць з салдатамі ротныя заняткі і паўтарыць усё, чаму вучылі іх у казарме. Паручнік Лукаш выконваў гэтае патрабаваньне так, што загадваў раніцою выводзіць салдат за ваколіцу, а ўдзень прымушаў іх праходзіць з дзядзькамі «славеснасьць» — занятак, на якім апавядаліся брыдкія анэкдоты. Неяк аднаго разу ён наткнуўся на кадэта Біглера ў той час, як той вучыў салдат аддаваць чэсьць і пры гэтым нечага чапляўся да іх. Гэта да таго абурыла паручніка, што ён некалькі дзён ня мог адкараскацца ад думкі: «Гэта-ж чалавека, магчыма, заўтра заб’юць, а ў яго адны турботы, каб у салдата, як ён будзе аддаваць чэсьць, мезенец быў якраз насупроць вока. Божухна ты мой, на што гэта дрэнь?»

Аднаго разу ён выказаў свае думкі Швэйку, той зараз-жа духова яго ўцешыў:

— Так што, дазвольце далажыць, пане паручнік, увесь сьвет і ўсё жыцьцё — адна дрэнь! Але гэтак яно і павінна быць, каб людзям было чым жыць. Загэтым, пане паручнік, адукаваныя людзі адно глупствам і займаюцца, што гэта самае найвыгаднейшае. От я, да прыкладу, дазвольце далажыць, ведаў двух садоўнікаў, нейкага Алёіза Вомачку і нейкага Франца Печанку, і абодва яны наглядзелі сабе ў Оўжыноўцы вішэньнік і абодва, калі яшчэ цьвілі вішні, прышлі да селяніна і прасілі аддаць ім вішэньнік. Ну, а паколькі, вядомая справа, кожны сам да сваіх рук хацеў прыбраць той вішэньнік, дык селянін дакляраваў ім абудвум і пастараўся падняць цану, а яны давай адзін перад адным набаўляць і набаўляць. І от неяк аднаго разу Вомачка ідзе па дарожцы і вылічае ў галаве, колькі кілё вішань ён абярэ з аднаго дрэва, а насустрач яму ідзе Печанка з такімі самымі думкамі. Вомачку, які быў чалавек занадта гарачы, гэта ўзьела, і ён кажа Печанку: «Гэй ты, рыжы сабака, ты ў мяне на дарозе не станавіся, а то я табе ўсе скабы паламаю!» А Печанка яму: «Лойзль, дружа мой, не гавары мне гэтак, таму што я прамысловец і нікому не дазволю бэсьціць сябе, касавокі чорт. Вядзі сябе, як адукаваны чалавек, калі ты таксама прамысловец, а то я табе