У АКОПАХ
Паколькі кожная тэорыя — шэрая, а вечна зялёнае адно залатое дрэва жыцьця, дык усе тэорэтыкі ваеннага майстэрства са сваёй навукай селі ў лужыну пасьля першага-ж месяца вайны.
Так, у Богэміі якісьці профэсар вылічыў, што Аўстрыя здольна ваяваць сто год і што тады ўсё яшчэ будзе даволі мукі на бліны, у той час як у рэчаіснасьці ўжо праз год нідзе нельга было дастаць булак. Было вылічана, колькі патронаў выдаткуе адзін салдат за гадзіну, і на ўсіх стрэльбішчах складаліся дакладныя статыстычныя табліцы, які процант выпушчаных пападае ў цэнтр мішэні, што на практыцы павінна было азначаць, што такім лікам стрэл забіваецца столькі няпрыяцельскіх салдат. У рэчаіснасьці салдаты выкідалі тры чвэрткі патронаў у клёзэты, а рэшту выпускалі, ня цэлячыся, у паветра. З такою самаю дакладнасьцю было вызначана, колькі чалавек выбівае са строю граната, колькі — шрапнэль, і якую плошчу паражае закладзеная міна; пры гэтым, відавочна, меркавалася, што знарады льга будзе кідаць у натоўп салдат, як каменьні — у чараду гусей. Але на практыцы перамогу над гарматай, што каштавала сотні тысяч, узяла грашовая рыдлёўка, з дапамогаю якое салдат глыбока закопваўся ў зямлю, а пасьля казаў: «А ну, пападзі цяпер у мяне!»
Было вядома, колькі кілёмэтраў ільга было праходзіць на суткі ў час наступу, і дакладна было вылічана сярэдняе, ад наполеонаўскіх часоў аж да апошняй балканскай вайны; а тут, адылі, давялося пераканацца, што нейкі няшчасны наблытаны на слупы дрот здолен затрымаць цэлую армію на два тыдні і больш.