Старонка:Svejk.4.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тоўсьценькі, а пасьля такі худы-худы? От ніяк не магу прыпомніць, як яго звалі і з якога ён палка…

— Ды ня вельмі сумуйце, — пацяшаў яго Швэйк, — гэта можа з кожным здарыцца. Дзе-ж чалавеку помніць, як завуць там усіх тоўсьценькіх або тонкіх. Яно, вядома, худых помніць яшчэ цяжэй, чым тоўстых, бо большая частка людзей на сьвеце тонкія. Яны, так сказаць, складаюць большасьць.

— Камрад, — адазваўся з жальбою ў голасе провокатар, — чаму вы ня хочаце даверыцца мне? Нас-жа ўсяроўна чакае адзін лёс.

— На тое мы і салдаты, — абыякава прамовіў Швэйк. — На тое і радзілі нас нашыя маткі, каб нас потым, як апрануць у вайсковую форму, пасеклі на кавалачкі, і мы ахвоча згаджаемся на гэта, бо ведаем, што нашы косьці ня дарам будуць гнісьці. Мы пакладзем свае галовы на гонар яго вялікасьці, нашага імпэратара і яго фаміліі, якому мы заваявалі Герцэговіну. Нашы косьці стаўкуць на парашок. Гэта тлумачыў нам ужо некалькі год назад пан паручык Цымэр. «Паганцы, — казаў ён нам, — сьвіньні паросныя, дурні, таўкачы, ня ведаеце, дзе правая нага, дзе левая, нібыта вам ўсёадно, нібыта яны і цаны ня маюць. А ці ведаеце вы, паганцы, што калі вас заб’юць на вайне, дык з вашых касьцей зробяць паўкілё парашку, і пасьля на цукраварні будуць фільтраваць праз вас, ідыёты, цукер? Вам і ня сьніцца нават, якімі вы будзеце карыснымі вашым патомкам яшчэ і пасьля сьмерці. А вашыя дзеці будуць піць каву з цукрам, што будзе прафільтраваны праз вашы рэшткі». Я аднаго разу задумаўся. Ён на мяне так і накінуўся, чаго гэта я задумаўся. «Я гэта таму, дазвольце паведаміць, кажу я, — задумаўся, што парашок з паноў афіцэраў будзе каштаваль куды даражэй, як з простых салдатаў». Ну, пасьля гэтага ён мне, вядома, даў тры дні строгага карцару.

Компаньён Швэйка пастукаў у дзьверы і пра штосьці пашаптаўся з вартаўніком, які крыкнуў слоў колькі ў канцылярыю.

Хутка пасьля таго зьявіўся фэльдфэбэль і вывеў швэйкавата компаньёна.