Старонка:Svejk.4.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аднаго падпаручніка ў парцалянавай філіжаначцы з надпісам: «Вада Гісхюблер — найлепшы прыяцель жывата», і ягоная імпэратарская вялікасьць адно браў іх адтуль і прышпільваў ангельскімі шпількамі да левага боку салдацкіх грудзей. Калі ён дашоў да мяне, я зрабіў паварот галавы, а рука сьлізгаціць у мяне ўніз па дзяжцы; ён прышпіліў мне мэдаль да самай скуры. Я, вядома, ня міргнуў, а гляджу яму проста ў вочы, як адзін жулік другому. От ён і кажа: «Вольна, салдат. Мне здаецца, што мы ўжо дзесьці бачыліся». Я яму ў адказ: «Так точна, гэта можа быць; я звычайна бываю ў «Поўным Кубку», або ў «Банзэце» ў Нусьле». А ён пры гэтым у мяне пытаецца: ці ня бываў я ў Брандысе, і я адказваю: «Ніякім чынам не, у Брандысе ня быў, а ў Стара-Болеславі давялося пабываць у нейкага пана Свабоды, у якога я хацеў купіць ангорскую казу. А мяне там яшчэ арыштавалі, таму што я ў Лісе па абмылцы зьвёў у графскага лясьнічага сабаку, прыгожага ў плямы ганчака». Ну, ён падаў мне руку і сказаў: «Віншую!» і зьвярнуўся да наступнага, што праславіўся, салдата поруч са мной. А вы, браткі, падыходзьце цяпер і нюхайце маю правую руку, каб не плявузгалі потым, што я прагавіты і трымаю ўсё толькі пры сабе…

— Пасьля ў нас быў палудзень разам з панамі афіцэрамі, — пераводзячы дух, скончыў Швэйк. — На ганаровым месцы за сталом сядзеў нейкі палкоўнік, а ля ўваходу нас сустракаў кадэт такімі, блізка, слаўмі: «Салдаты! Гэроі! Зараз вы будзеце палуднаваць за адным сталом з панамі афіцэрамі. Памятуйце, што вы ўзнагароджаны мэдалямі, што вайна робіць з вас людзей, і таму не вядзіце сябе па-сьвінску. Страву будуць падаваць на паўмісках, вам — сьпярша. Але ня думайце, што вы павінны незаводня зжорці ўсё, і не налівайце сабе на талеркі занадта шмат, каб засталося тое-сёе і паном афіцэрам. Вы прысутнічаеце, гэроі, на парадным полудні, наладжаным царом-наступнікам на гонар вашых высокіх заслуг. Загэтым не аб’ядайцеся і не напівайцеся п’янымі, нібы вы былі ў сябе дома на вялікоднае сьвята. Ягонай імпэратарскай вялікасьці, цару-наступніку, ура, ура, ура!» Мы пракрычалі «ура», і ён сказаў, калі мы садзіліся за стол: «Пан палкоўнік будзе за вамі наглядаць; таго, хто занадта прыналяжа на ежу і пітво, ён загадае потым падвязаць да слупа». Пасьля прыдворныя лёкаі прынесьлі талеркі,