лазьні, зьнішчаць ў вас вошы і дадуць вам чыстую бялізну. Дазвольце запытацца, пане паручнік, чаму мне ісьці з вамі біць вошы ў Падгужы? Мы-б вам дапамаглі ў гэтай справе і тут. Я ня ведаў, пане паручнік, што ў вас іх так шмат; я думаў, што вошы плодзяцца толькі ў ніжэйшых чыноў.
Паручнік строга ўгледзеўся на Швэйка сваімі каламутнымі вачыма.
— Боў-дзі-ла-а! Чуе маё сэрца, што ты там ізноў наробіш рабункаў. Каго-б мне паслаць з табою, каб ён прасачыў цябе? Сьцеражыся, Швэйк, калі ты ня зробіш усё так, як я табе загадаў. Ты пойдзеш з ротай — зразумела, і са мною, у Падгужы. Там ты памыешся ў лазьні, зразумеў? У лазьні. — Паручнік узьняў голас. — Потым ты надзенеш чыстую бялізну, а тымчасам будзе зроблена дэзынфэкцыя тваіх рэчаў. Пасьля ты сваю адзежу і рэчы пачысьціш, пастрыжэшся, паглянцуеш боты і вычысьціш вінтоўку, усяроўна як да вялікага сьвята. Зразумеў, што ўсё табе трэба зрабіць?
— Так, пане паручнік, зразумеў, — кінуў Швэйк. — Далібог, пане паручнік. Заўтра я буду, як прыбраная дзеўка. Але толькі дазвольце запытацца, дзеля чаго я павінен быць гэткім чысьценькім.
— Затым, — з прыціскам, нібы важачы кожнае слова, адказаў паручнік Лукаш, — затым, што ў Падгужы прыяжджае заўтра заступнік трону Карл-Франц-Іозэф і ўласнаю рукою прычэпіць да тваіх, Швэйк, грудзей два мэдалі…
— У Падгужы прыедзе ягоная імпэратарская вялікасьць эрцгэрцог Карл-Франц-іозэф і ўласнаю рукою прычэпіць да тваіх, Швэйк, грудзей два мэдалі, — у захапленьні паўтарыў Швэйк. — Дазвольце мне сесьці, пане паручык. Не, здаецца я не перажыву гэтае радасьці! Значыцца, ён уласнай пэрсонай будзе там і ўласнаручна прыколе мне мэдалі? Ну, пра гэта я ўсё жыцьцё буду апавядаць у «Поўным кубку». Так што дазвольце пра мяне быць пэўнымі, што я ў час зьяўлюся на гэту ўрачыстасьць. А што, там будуць і гэтыя, як іх? — дзяўчаты ў белых строях?
Я, пане паручнік, папрашу ў каптэнармуса Ванэка гадзіньнік з ланцужком, каб, ведаеце, адным словам не падгадзіць. Таму, што ўся, пане паручнік, справа ў тым, каб пільна тры-