Старонка:Svejk.4.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

апошнім боем ён згубіў у лесе шапку; уначы ў яго нехта адкраў пасьвенчаны абразік сьв. Тройцы разам з грашыма і дакумантамі, а раніцою парваўся матузок на шыі, і мошчы сьв. Ігнася заехалі ў ягоныя майткі. І от, як яны пашлі ў наступ, нават яшчэ перастрэлка як мае быць не распачалася, а ён ужо і гатоў — зарабіў кулю ў плячук. Пашоў ён на перавязачны пункт, яго перавязалі і паслалі ў шпіталь.

— Проша пана, — перапыніў яго адзін з палякоў, — гэта-ж так і ёсьць, як мы гаворым.

— Дай да канца дасказаць, — далікатна заўважыў яму Швэйк. — Я-ж яшчэ ня скончыў. Ну, дык от. Гэтага Боўчанку з ягонымі талісманамі ведалі ва ўсім палку, і доктар таксама тое-сёе пра іх чуў, а таму і кажа: «От бачыце, Боўчак, што ўсё гэта ня выратавала вас ад кулі. І тое, што вы гэтак доўга заставаліся цэлым, быў проста выпадак». Тут Боўчак расказаў яму, як усё гэта сталася, і доктар задумаўся і кажа: «Ну, не бядуйце, Боўчак, мы пашлем вас у шпіталь у Прагу». Тады Боўчак расплакаўся, пацалаваў доктару руку і сказаў: «Бог узнагародзіць вас за вашу дабрату, пане доктар. А я, каб я ведаў, што ўсяроўна вярнуўся дадому параненым, дык даўно-б выкінуў вон усю гэту дрэнь».

— За гэткія словы пану трэ’ было-б даць у морду, — падаў на гэта голас другі паляк. — Каб яго халера ўзяла, каб яму вароны вочы павыдзяўбалі, каб яго першая куля ня мінула…

— Пакінь, браце, — не заставаўся ў даўгу Швэйк, — бог і сам ведае, што яму са мной рабіць, і не табе яму паказваць. Добрым-бы быў, каб пачаў слухаць кожнага такога ішака, як ты, які яго пра што-небудзь просіць. Яму вядома, што людзі за прахвосты!


— Швэйк, — сказаў яму аднаго цудоўнага дня паручык Лукаш, — заўтра мы ідзем па-ротна ў Падгужы. Першай ідзе наша адзінаццатая. Вас там вымыюць у лазьні, зьнішчаць на вас вошы і дадуць вам чыстую бялізну. Глядзі, не пераблытай. Гэта надта важна. А ну, перакажы, што я сказаў.

— Так што, пане паручнік, вы сказалі, што вы заўтра першым пойдзеце з нашай ротай у Падгужы. Там вас вымыюць у