Старонка:Svejk.4.pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

так далёка ад мяне, што я яе нават і ня бачыў. Быў я ў страшнай небясьпецы і вельмі галею. Прышлі мне, калі ёсьць, шынкі і булку хлеба. Не забудзься аддаць тачыць жорны і паставіць сьвечку, а шынкі ты можаш прыслаць як найбольш; калі вады малавата, бяры з мужыкоў даражэй. Даведайся ў старасты, калі будзе замірэньне, і пра ўсё мне добра напішы.

Твой аж да дамавіны верны муж.

Гэта паштоўка дала прычапку для больш рэлігійных спрэчак у Балуна са Швэйкам, куды неўзабаве ўмяшалася яшчэ чалавек колькі палякоў, што ўзяліся за Балуна. Швэйк даводзіў, што Балун брэша, як сабака, а Балун прасіў у сьведкі бога, што цуд з «чамаданам» быў якраз такі, як ён апісваў. Думка палякоў-католікаў у гэтай справе была пэўная і не дапускала ніякіх спрэчак: калі хто выходзіць цэлым з бойкі, дык гэта таму, што яго любіць і абараняе бог, а калі чалавек застаецца на поле бойкі з прастрэленымі грудзьмі або выпушчанымі кішкамі, дык бог яго таксама палюбіў і таму забраў да сябе. У гэта яны верылі цьвёрда і абаранялі сваё пераконаньне таксама, як папа рымскі абараняе сваю непаграшымасьць. Што-б там ні было, бог пасылае людзям добрае і благое з асаблівае любасьці да іх…

— Балун, ты-ж дурань, — сказаў, пярэчачы, Швэйк. — Гэта-ж бомбы, як яна ляціць, саўсім нават і ня відаць і да таго-ж у расійцаў саўсім няма саракадвухсантымэтровак, таму што пана Скоду пасадзілі-б у Плзене ў вастрог, калі-б ён надумаўся зрабіць такія самыя гарматы і расійцам… От у трэцім маршавым батальёне быў адзін салдацік па прозьвішчы Кратошвілі, які казаў, што на фронце няма чаго спадзявацца на боскую дапамогу, бо ад яе салдатам бываюць адны няпрыемнасьці. Ён апавядаў, што ў іхнай роце быў нейкі Боўчак з Моталя, чалавек надта пабожны; на шыі ён насіў ладунак з частачкай мошчаў сьв. Ігнася і пасьвенчаны епіскопам абразік сьв. Тройцы. У ягонай шапцы былі зашыты ўсе абразкі боскае маткі, што ён атрымаў у дарозе ад манашак і багамолак, а сам быў на фронце з самага пачатку вайны. Ён на бога спадзяваўся, а той яго шанаваў, так што ён пабываў у дзевятнаццаці баёх, зарабіў восем мэдаляў «за адвагу», і а ні разу з ім нічога ня сталася. Адно перад самым