праўды салдат, і такія гэроі вельмі патрэбны нашай арміі. Адзначыць пра яго і ягоны ўчынак у загадзе і прачытаць той загад перад строем. Усяго добрага!
І, выняўшы з кішэні 20-кронавую паперку, ён паціснуў Швэйкаву руку.
Швэйк перадаў свайго параненага санітарам, напакаваў ранец консэрвамі, што засталіся, выліў сабе ў пляшку рэшту віна і пашоў у лес да сваёй роты. Там ён даведаўся, што тэлеграфіст Хадынскі паранены куляй у галаву, а вольнапісаны Марэк яшчэ ў панядзелак быў адасланы з прастрэленаю рукою ў шпіталь.
— Ну от, абодвух маіх верных таварышоў і няма! — уздыхнуў Швэйк, — мне нават не давялося праводзіць іх на іхнім жалобным шляху. Засталіся мы з табою, Балун, апошнімі могіканамі… З гэтае прычыны от табе манерку консэрваў… За гэта ты мне будзеш чысьціць мае мэдалі, пакуль я не атрымаю самага вышэйшага. Я сёньня напішу фраў Мюльлер, каб яна прыслала мне пяць карабкоў парашка «Амур» чысьціць мэдалі.
☼
Батальён зьнялі з фронту і адаслалі на адпачынак і папаўненьне ў Ясінаў. Досыць было двух, параўнаўча невялікіх боек, каб зрабіць батальёну найвялікшую страту — з команднага складу і ніжніх чыноў засталося ў іх ня больш за палову. Вайна ізноў набыла прыемны характар; высьветлілася, што ясінаўскія яўрэі былі занадта забясьпечаны сьпірытусавым пітвом, а як абоз пачаў рэгулярна падвозіць хлеб і пачалі дзейнічаць і рабіць гуляш з каніны паходныя кухні, настрой арміі прыкметна падняўся. Людзі ізноў гатовы былі весьці вайну да самага скону, палявая пошта ізноў аджыла і везла кучы ружовых лістоў і з Ясінава і ў Ясінаў. У Ясінаве былі атрыманы паклоны ад усіх сваякоў і знаёмых з паведамленьнямі, хто і калі забіты ў бойцы ці паранены або загінуў бяз вестак. Дзяншчык Балун пісаў жонцы:
Найдаражэйшая жонка! Маліся за мяне і пастаў сьвечку перад абразом у Клакотак, каб найсьвеншая матка боская абараніла і памілавала мяне, як і дагэтуль, у гэтых жудасных бойках. Я маліўся ёй, і 16-дзюймовая бомба, што ляцела проста на мяне, ухілілася на цэлы мэтар у бок і разарвалася