Старонка:Svejk.4.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён адкаркаваў некалькі манерак і пашоў разаграваць іх на вогнішчы станцыі. Вярнуўшыся з гарачай ежаю, ён са здаволеньнем сказаў:

— А ведаеш, сынку, у рускіх консэрвы надзвычайныя. Гэта нешта падобнае да смажанай печані з лаўровым лістам.

Яны ўзяліся есьці і піць; віно сагрэла іх, і з жыватоў разам з цяплынёй разьлілася па ўсіх жылках бадзёрасьць і надзея.

Пад вечар разрывы шрапнэлі і гранат здаваліся ім толькі акомпанімэнтам да соле тэнору; бо ў будцы Швэйк пеў-разьліваўся:

Як гадзіну ночы біла,
Адкаснуўся я ад мілай.
Вышлі разам; між галін
Салавей сьпяваў адзін.
„Пачакай-жа тры гадочкі!“
Тры гады аж? Хутка сына
Мог-бы я прыдбаць, маліна!
Рыхтаваў яго-б у войска,
Ён адбыў муштроўку-б, порсткі.
Будзе знаць ён, як са стрэльбаю стаяць,
Возьме ў шух ён, як і рапарт дакладаць.
Будзе ён і варту адбываць,
Будзе ён і варту адбываць!
І зазнае ў карцары ён асалоды,
Ой, зазнае ў карцары нягодаў.
Не спалохаюць яго і кайданы.
Пашукае, перабыўшы кайданы,
Пастацяначкі прыгожае, дзяўчыначкі-вясны.

— От тады яму з дзеўкамі гуляць! — скончыў Швэйк урачыстым і гучным голасам ды зноў нахіліў горла бутлю да сваёй манеркі; а паранены салдацік, паляк, у якога ад віна адабрала ногі, так што боль у іх на час заціх, павярнуўся на бок, абапёрся на локці і пастараўся пакінуць Швэйка далёка ззаду ў сьпевах; выводзячы высокім тэнарком:

Хутка будзе ў нас паход
К маскалём, на самы ўсход,
Наш ефрэйтар весялее:
Расьцьвітаюць зноў надзеі.
На Расіі пройдзем шэрай
Праз Варшаву аж да Цьверу.
Марш наперад, марш наперад!
Наша зброя не замоўкне.