Старонка:Svejk.4.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пачынае пазнаваць ну зусім, як вы мяне. От, напрыклад, пачынае з чужым чалавекам гутарку ў трамваі, што нібыта яны знаёмыя, што яны спатыкаліся ў Вене на вагзале. І з усімі людзьмі, што яму трапляліся на вуліцы, ён пазнаёміўся ці на вагзале ў Мілане, а часам у Вене, або піў разам з імі ў вінным паграбку пад ратушай у Грацы. А калі ў гэты час, што трэсла яго ліхаманка, здаралася яму зайсьці ў рэсторан, дык ён пазнаваў адразу ўсіх, хто там быў. Нібыта бачыў усіх іх на параходзіку, у якім ён езьдзіў у Вэнэцыю. І супроць гэтага ня было ніякае парады, акрамя таго, што выпрабаваў адзін санітар у Праскім жоўтым доме. Пад доглядам гэтага санітара быў адзін хворы, што праз цэлыя дні не рабіў нічога іншага, а сядзеў, скурчыўшыся, у куточку і лічыў: «Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсьць», ды зноў спачатку: «Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсьць». Гэта быў нейкі профэсар. Ну наш санітар ледзь ня лопнуў ад злосьці, калі пераканаўся, што гэты вар’ят ня можа лічыць далей за шэсьць. Перш ён хацеў угаварыць яго ціха, ладам, каб той сказаў: «Сем, восем, дзевяць, дзесяць». Але — дзе там. Профэсар не бярэ на гэтае ніякае ўвагі. Сядзіць сабе ў куточку і лічыць: «Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсьць». Тады санітар як раззлуешца ды як падскочыць да свайго хворага і, як той сказаў: «шэсьць!», калі стукне яму поўху. «От табе сем, — крыкнуў ён, — а от табе восем, а от табе дзевяць, а от табе дзесяць!» і ўсё яму: поўху, поўху! Профэсар схапіў сябе за голаву ды як завые: «Дзе гэта я?» Ну, а як яму сказалі, што ён у вар’яцкім доме, дык той адразу прыгадаў, што ён трапіў сюды праз нейкую комэту, што, як ён вылічыў, павінна была зьявіцца праз год, 18 чэрвеня, у шэсьць гадзін раніцою, а яму давялі, што гэта ягоная комэта згарэла шмат мільёнаў гадоў назад. Санітара гэтага я добра ведаю. А профэсар, як зусім ачуняў і выпісаўся з больніцы, узяў яго да сябе за камэрдынэра. І толькі было ў яго справы кожную раніцу даваць пану профэсору па чатыры аплявухі, што ён і выконваў добрасумленна і акуратна.

— Я ведаю ўсіх вашых знаёмых у Кіеве, — далей блюзьніў агент контрразведкі. — Скажэце, з вамі быў там адзін такі