У шпіталі ляжу я хворы,
Ня струменіць болей кроў.
Напішэце, што я ранен
Маёй любай вы дамоў.
Адну руку мне адбілі,
І другая не гадна
Прыяжджай і пацікаўся,
Што прынесла вам вайна!
Не, навошта табе ехаць,
Не паклічу да сябе.
Славы мне вянок сьмяяўся,
А я верыў ўсё табе.
|}
Баявая швэйкава песьня зьлівалася з выцьцём знарадаў. Ён пеў куплет за куплетам, пакуль не дайшоў да таго, дзе паранены адказвае дзяўчыне, што ёй ня сьлед было хадзіць да салдатаў у казарму і практыкавацца з імі на ложках. Тут ён сьціх, таму што недалёка ад яго пачуліся плач і стогны.
Швэйк пашоў на голас. Адразу-ж за складам ляжаў на жываце малады салдацік і поўз, апіраючыся на локці, да Швэйка; ягоныя нагавіцы намоклі і пачарнелі ад крыві, што запяклася, ён стагнаў пры кожным руху і аж да жудасьці нагадваў ката, з перабітым хрыбетам.
Убачыўшы Швэйка, ён з мальбою злажыў рукі:
— Дапамажэце, паночку, дапамажэце! дзеля маткі боскай, дапамажэце!
— Ну, што з табою сталася, дзяцюк? — запытаўся Швэйк, падыходзячы бліжэй. Пасьля, прыгледзеўшыся, ён па салдатавых нагавіцах зразумеў, што той наскрозь паранены кулямі ў абедзьве лыткі.
Швэйк асьцярожна падняў яго і аднёс за склад; там ён разьдзеў, ададраў прыліпшыя да цела нагавіцы і прынёс са студні вады абмыць раны. Салдацік толькі ўздыхаў, сочачы вачыма за швэйкаваю работай. Перавязаўшы, Швэйк даў яму хлебануць са сваёй пляшкі і весела прамовіў:
— Глупства, брат! Усё прайшло праз мяккія часткі, і костка не зачэплена.
Салдат пагразіў расійцам кулакамі:
— Трасцу вам у бок, сукіны дзеці! Ай, мае ногі, мае ногі!
І ён заплакаў.