Старонка:Svejk.4.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Усё, што з намі здарылася, — зусім глупства, і вы, пане паручык, хутка пра гэта забудзецеся. Але от што я буду рабіць цяпер без мае люлькі?..

Уся швэйкава постаць выяўляла бязьмежны смутак і гора. Яны ахапілі і паручыка Лукаша, перайшоўшы аднак вельмі хутка ў гнеў і злосьць на ўсё ў сьвеце, дзе магчыма было такое вар’яцтва. Ён паклікаў Балуна, загадаў адкаркаваць бутэльку сьлівавіцы і пачаў так уцяшацца ёю, што пад вечар, як на небе загарэліся першыя зоркі і страляніна з абодвых бакоў спынілася, Швэйк, схіліўшыся каля адвечнае хвоі над паручыкам, мог спакойна і ўпэўнена констатаваць:

— Ён насмактаўся, як грудное дзіця, і цяпер яму сьніцца нешта вельмі добрае. Эх, надта ў яго мяккае сэрца, каб ваяваць! Потым Швэйк прыкрыў яго шынэлем і сам лёг поруч з ім. І раптам успомніў, што фэльдкурат, як яны выходзілі ў паход, казаў у сваёй казані, як добра на полі бойкі, калі наўкола гараць вёскі і стогнуць раненыя.

— Трэба было гэтаму фэльдкурату даць добра па мордзе, — падумаў ён яшчэ і заснуў. Яму прысьнілася, што знарад яшчэ раз разарваў падпаручыка Дуба, і той у дыме і полымі ўзносіцца ў неба, як прарок Ільля на сваёй агністай каламашцы. Каля варот раю штурхаліся душы забітых у розных мундзярох, а душа падпаручыка Дуба старалася праціснуцца наперад, старанна расьпіхала ўсіх локцямі і крычала: «Ды пусьцеце-ж мяне, я загінуў за Аўстрыю і хачу першы гаварыць з панам богам! Што, сьв. Пётра, ты кажаш, што ты служка божы? Але я хачу гаварыць з самым начальнікам. Дайце дарогу, бо вы яшчэ мяне ня ведаеце. Я вам ня зычу ведаць мяне бліжэй». І раптам па ўсім небе разьлілося бязьмернае залатое зьзяньне, сярод якога зьявіўся паважны стары ў бялюткай вопратцы; поруч са старым стаяў русы юнак у запэцканым у кроў мундзеры і з цярновым вянком, замест шапкі, на галаве. Стары паказаў пальцам на вялікую кнігу, што трымала перад ім у руках прыгожая дзяўчына, і запытаўся ў Дуба зычным голасам: «Падпаручык Дуб, чаму ты зьдзекаваўся з адважнага ваякі Швэйка? Навошта прымушаў яго напіцца коньяку?» Падпаручык Дуб не адказаў на гэта, і юнак узьняў рукі, што накшталт чырвоных ружаў зьзялі крывавымі ранамі. Тады стары крыкнуў: «Ідзі ў пекла!», і падпару-