Старонка:Svejk.4.pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прайшоўшы ўсяго крокаў колькі, ён на нешта насунуўся і пры сьвятле свае люлькі зірнуў на зямлю. Перад ім ляжала нейчая адарваная нага ў высокім боце, разам з жыватом і кавалкам кішкі, што абвіўся каля халявы.

— Небарака, — спачуваюча прамовіў Швэйк, — відаць, табе давядзецца за два разы зьявіцца на той сьвет. Ну, прынамсі санітары з табою ня мучыліся; добра, калі яны не клянуць чалавека па сьмерці.

Ён запрапанаваў салдату, што прышоў яго замяніць, легчы спаць, а сам пашоў далей. Хутка ён разгледзіў у цемені тры гарматы, дула якіх былі павернуты ў тым кірунку, адкуль наступалі аўстрыйцы, недалека каля іх стаялі два кулямёты.

— Бачыў ты, яны ў іх на колцах, — зьдзівіўся Швэйк. — Гэта яны добра дадумаліся — прынамсі, ня трэба цягнуць іх на плячох.

Ён упрогся ў пастромкі аднаго кулямёту, а другі зачапіў за заднюю частку. Гайда — пашлі!

Колы заскрыпелі, і Швэйк вярнуўся на сваё месца. Ён застаўся на варце, пакуль яго праз гадзіну не зьмянілі, дацягнуў абодва кулямёты да свайго акопу і заснуў каля іх моцным сном.

Толькі пачало шарэць, акопы ажылі; карпалы груба будзілі тых, хто заспаўся, і крычалі:

— Уставай! Кожны варочайся ў сваю частку. Хто з 91-га — ўправа. З 66-га гонвэднага — у тыл зьмяняцца.

Швэйк пабудзіў Марэка, а потым вылез з акопу, ізноў упрогся ў кулямёты і пацягнуў іх управа, дзе хутка ўбачыў паручыка Лукаша, што прыняў команду над батальёнам ды ізноў яго сформаваў. Неставала шмат людзей, і зьдзіўленьне Лукаша было зусім шчырае, як перад ім раптам зьявіўся салдат, што аддаў чэсьць леваю рукою, а ў правай руцэ трымаў шлейку, да якой былі прывязаны два кулямёты… і ён пачаў рапартаваць:

— Дык, пане паручык, маю гонар зьявіцца — радавы Швэйк, ордынарац. Асаблівых здарэньняў ніякіх ня было, а бой мы выйгралі як мае быць. Гэтыя два кулямёты я адбіў учора пры наступе, толькі яны дрэнна змазаны і колы скрыпяць. Дазвольце сказаць, што я хацеў-бы прысьвяціць гэтую вайсковую здабычу майму палку, каб ён зазьзяў большаю славаю ў газэтах.