Старонка:Svejk.4.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нават і сам сьв. Венцэслаў нічога не заўважыў, да часу, як каса стала пустою. Адным словам, ня трэба разяўляць адразу, нават калі хочаш праглынуць увесь сьвет, бо так лёгка вывернуць сабе пашчанкі. Спакойнае панаваньне яго імпэратарскае вялікасьці цягнулася пяцьдзесят год, пакуль падрыхтаваліся да вайны. А пан Дрозд у Венцэслаўскай касе краў чатырнаццаць год.

Нейкая постаць праціснулася да яго і з крыкам: «Швэйк, ты таксама яшчэ жывы?» кінулася яго абнімаць.

— Так так, я яшчэ жыву! — зазьзяў Швэйк. — А з табою, Марэк вольнапёр, таксама нічога ня здарылася? А я думаў, што больш ніколі цябе ня ўбачу, што цябе зацяпнулі ў шпіталь.

— Капітана Загнэра санітары, сапраўды, панесьлі, — сказаў хтосьці поруч з імі. — Яго, кажуць, контузіў знарад.

— Маўчаў-бы ўжо, калі ня ведаеш! — перабіў яго другі. — Абавязкова ўжо знарад! Проста ён мае пілюлі, ад якіх чалавек адразу траціць прытомнасьць; гэта яму даў наш доктар. Я яго ўжо тры разы бачыў у бойцы і ніколі ён далей першага акопу не заходзіў. Ён траціў прытомнасьць і яго ў такім стане прыносілі ў палявы шпіталь. Што-ж, афіцэрам жывецца нядрэнна, яны маюць знаёмых дактароў. А от наш брат ня трапіць дахаты, пакуль не прынясе на перавязачны пункт пад пахаю сваю ўласную галаву.

А Марэк дадаў, нахіліўшыся да левага швэйкавага вуха:

— Я таксама чуў ужо пра гэтыя самыя пілюлі… А я, ведаеш, ня маю сьмеласьці зрабіць сабе якое-небудзь калецтва. А тут чалавека ўсяроўна заб’юць.

— Ну, пажывём, убачым! — паважна сказаў Швэйк. — Я думаю, што нам трэба цяпер крыху заснуць. А што робіцца там, наперадзе? Што вы там бачылі?

— Ды нічога, — адказаў, пазяхаючы, Марэк, — толькі тры расійскія гарматы, ды некалькі кулямётаў. Мы іх там і кінулі, бо нікому ня хочацца займацца з імі. Вох, як мы стаміліся!

Ён падняў каўнер шынэлі і адразу заснуў. Швэйк яшчэ хвілінку пакурыў, а як капрал загадаў яму ісьці ў каравул, ён моўчкі ўзяў карабін, вылез з акопу і пашоў наперад, куды яму паказаў капрал.