Старонка:Svejk.4.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нэлі і асколкі знарадаў. Ледзь пасьпелі людзі вылезьці з акопу, як пачала страляць аўстрыйская артылерыя. Чутно было, як хтосьці крычаў у палявы тэлефон:

— Заслонны агонь! Шрапнэльлю!

Вайсковая тэхніка была дасканала: каму мала было аднаго рому, каб быць сьмелым, таму дапамагала свая-ж артылерыя, што расстрэльвала тых, хто адступаў.

Швэйка захапіў агульны паток. У некалькі хвілін салдаты перабеглі невялікую адлегласьць, што іх аддзяляла ад другое лініі расійскіх акопаў. Але гэтыя акопы былі ўжо пустыя. Апроч забітых і раненых, што валяліся тут усюды, ня было ніводнага варожага салдата — усе ўправіліся ўцячы.

— Не затрымвацца! Наперад! Наперад! — крычалі афіцэры. Салдаты пераскочылі цераз акоп і пабеглі далей у цемень. Швэйк застаўся адзін сярод раненых.

— Што, хлопцы, атрымалі на арэхі? — спачуваючы прамовіў ён, уліваючы ім у рот крыху вады з баклажкі. — Што-ж вы раней не ўцякалі? З нашаю пяхотаю, ведаеце, жарцікі кепскія. Ды што салдаты, — і цывільны чалавек, калі ён п’яны, можа зрабіць другому цяжкую рану на целе.

Хутка рэшта салдатаў вярнулася назад. Расійцы скарысталі цемень, зьніклі, бы ў ваду, а салдаты, выцягваючы з акопу забітых і раненых і перадаючы іх санітарам, лаяліся:

— Чорт ведае, гэта-ж, значыць, заўтра з раніцы нам давядзецца ізноў гнацца за імі! Цяпер яны, можа, і да самает Масквы ня спыняцца. Кажуць, немцы ўжо ў Варшаве. Адным словам, калі мы іх кожны дзень так паскубём, дык ім хутка аман.

— А ці шмат іх яшчэ засталося, камрад? — запытаўся Швэйк. — Добра было-б разьдзяліць іх на роўныя часткі на кожны дзень, аж да канца вайны. На кожны дзень пэўная порцыя. Бо ня добра зьесьці ўсё зараз. От у Младай Болеславе ў ашчаднай касе служыў касір, нейкі Вільд, дык ён таксама не адразу, а павольна, сыстэматычна краў з касы, каб ніхто не заўважыў. І ўсё-ж, хоць ён і пакрысе краў кожны дзень, але абабраў касу да грошыка. Або от яшчэ пан Дрозд у каталіцкай ашчаднай касе пры царкве сьв. Венцэслава, пра якую шмат пісалі ў газэтах; ён таксама краў, памалу і асьцярожна, так што