Старонка:Svejk.4.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бацькаўшчыну і славу імпэратара. Яны былі ў такім стане, пра які «Прэсбюро» пісала: «Наша армія ўзбуджае агульнае захапленьне сваёй адвагаю і вялікаю самаадданасьцю. Яна гэроічна і сьмела кідаецца ў атаку, поўная высокага вайсковага духу».

А гэты «дух», якім вышэйшае командваньне паіла сваіх слаўных салдатаў-ваякаў, вырабляўся на ўсіх браварных заводах ад Судэцкіх гор да Адрыятычнага мора халодным і гарачым спосабам з бульбы. І паны капіталісты так добра зараблялі на гэтым продукце, што яны дастаўлялі ўраду, каб атрымаць перамогу над ворагам, што пасьля вайны, купляючы сабе новыя заводы, палацы і маёнткі, яны маглі гаварыць:

— Усё гэта вынікі вайсковага энтузіязму і вайсковага духу!

Гарэлка туманіла галаву і сьляпіла вочы; на сьвеце нішто не здавалася страшным, усё можна было дасягнуць — алькоголь рабіў сваю справу.

Няроўнымі, ламанымі, хвалістымі лініямі ішлі шэрагі салдатаў у наступ і іх падганялі заядлыя крыкі.

— Наперад! Наперад!

Гулі кулі і сьвісталі ўсё мацней, праразьлівей і ніжэй навокала, як нябачныя мухі, з мяккім: «ці-юу, цьфі-юууу» ля самых вушэй, так што Швэйк мімаволі адмахнуўся:

— От назаляюць, праклятыя!

— Наперад! Наперад! — пачулася дзесьці зусім блізка за ім, і ён пазнаў голас капітана Загнэра.

— Наперад! Наперад! — крыкнуў таксама аднекуль ззаду паручык Лукаш.

Швэйк азірнуўся, але ня ўбачыў ніводнага знаёмага чалавека; наўкола былі ўсё чужыя абліччы. Нейкі тоўсты, здаровы немец заўважыў, што Швэйк пазірае назад і штурхнуў яго локцем ды злосна і саркастычна заўважыў:

— Ты, таксама, відаць хацеў-бы трымаць фронт ззаду? Ды гэта табе ня ўдасца, мілы! Гэта толькі паном афіцэрам дазваляецца!

— Ня ў тым справа, камрад, — адказаў Швэйк. — Але таму што я ордынарац, дык я павінен, калі што здарыцца з маім паручыкам, бегчы яму на дапамогу. А гэты асёл, Балун, напэўна, ужо даўно згубіўся ў гэткай сумяціцы.