Старонка:Svejk.4.pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

было паўнютка салдат. Тут зьбіліся ў кучу немцы, гонзеды, басьнякі, сьпешаныя драгуны, некалькі командаў мінамётнікаў, гусары і пяхота з пятліцамі ўсялякіх часьцей. Як яны селі на адпачынак каля басьнякоў, тыя прывіталі іх словамі:

— Такую вашу матку, хутка пойдзем у атаку, а потым усім нам выдадуць рому. Бяз рому няма і атакі.

Наперадзе ня сьціхала страляніна з карабінаў і шалёная траскатня кулямётаў; расійская артылерыя ізноў пачала абстрэльваць кудзерку шрапнэльлю. Але хутка яе агонь аслабеў.

— Яны ня маюць знарадаў, — шапнуў падпаручык Дуб паручыку Лукашу, — яны сёныня ізноў пабягуць. Мы ім паддамо пары.

— Пакуль што яны яшчэ не бягуць, — запярэчыў падпаручых. — Справа, відаць дойдзе да штыхоў, Швэйк, — завярнуўся ён назад, — не забудзьцеся, што вы ордынарац, і будзьце каля мяне. А ты, Балун, глядзі, ня ўздумай уцячы з усімі консэрвамі. Калі я буду ранены, ты паедзеш са мною ў тыл.

Выявілася, што басьнякі маюць добры нюх; не пасьпела сонца схіліцца на захад, як за ляском зьявіліся хурманкі з бочкамі. Раздавалі ром. Узвод за ўзводам падыходзілі са сваімі бляшанкамі да бочак, і хто пасьпяваў выпіць і падыйсьці яшчэ раз, атрымоўваў другую порцыю. Уплыў рому адразу-ж сказаўся. Настрой значна палепшаў. Мацерная лаянка басьнякоў так і вісела ў паветры. Немцы засьпявалі Ich hatt einen Kameraden, а ў чэхаў адзін ахмялелы салдат устаў і, трымаючыся за бярозу, пачаў раўці:

Дзе пад Красьнікам, ля Сану,
Бор узьняўся хмуры,
Няжывых братоў каханых
Вал ляціць, як бура…
Мая хата так далёка…
Ах, сьляза туманіць вока…
Ці пабачу родна поле?
Шэпча сэрца: ой, ніколі!..

— Ну, ну, не раві, як старая шлюндра! — заўважыў хтосьці ззаду і тузануў сьпевака на зямлю.

Як зьмерклася, пачулася команда: «Наперад! Наперад!» і ўся маса заварушылася. Людзі, зусім п’яныя, ішлі ўміраць за