Старонка:Svejk.4.pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сам не трапляў у бойку, ён павінен быў уяўляць сабе малюнак бойкі ў стылі рынкавых абразкоў: гінуць адны варожыя салдаты, а нашы страляюць усіх, колюць, даганяюць па пятах і выходзяць з гэтае кашы бяз ніякіх страт, бо іх бароняць легіёны анёлаў-абаронцаў і за іх моліцца ў сваім вялікім палацы стары монарх.

І от трупы расійскіх салдатаў валяліся па ўсім адхонку. Яны ляжалі разутыя, наўзнак, на баку, ніцма, так, як захапіла іх сьмерць, і страшэнна вышчараныя зубы і пачарнелыя абліччы павінны былі абуджаць адвагу ў аўстрыйскай арміі.

Швэйк увесь стуліўся, пабачыўшы такі жахлівы малюнак, але потым зірнуў уважлівей і зьвярнуўся да вольнапісанага Марэка:

— Няўжо іх так і закапаюць? Не пасыплюць нават няпаленаю вапнаю — от, маўляў той, вам, браткі, за вашу працу! На маю думку, за гэту справу павінна было-б узяцца Праскае хаўтурнае бюро і прыслаць сюды дамавіны. Бо нават непагаблёваныя дошкі цяплейшыя, як адна кашуля, у якой іх тут хаваюць.

А Марэк адказаў як праз сон:

— Добра было-б узяць змочаны брэзэнт або густога дзёрну… А мне, Швэйк, гэтае ночы сьнілася, што я паехаў у водпуск. Маці мая зварыла варэнікі, паставіла іх на стол і я пачаў есьці. Раптам прыходзіць наша дворнічыха і кажа: «Пані, а дзе ваш сын? А мяне за міскаю з варэнікамі зусім і ня відаць. Ну, я вышаў, а дворнічыха прывіталася са мною і пытаецца: «Як-жа так, малады пане, вы ўсё яшчэ на фронце? Усе паважаныя людзі ўжо або ў шпіталі або ў Расіі. Відаць, і вам таксама ня ўстояць?» Швэйк, ці верыш ты, што сны бываюць прарочыя? Я — веру! Гэта вайна мне зусім не па сэрцы, і я напэўна пачаў-бы зьяўляцца зданьню, каб мяне закапалі босым і голым.

Швэйк, таксама ўзрушаны малюнкамі бойкі, зусім наперакор усякай лёгіцы, адказаў:

— У дзёрн я ня веру, але з брэзэнтам яно, магчыма, было-б някепска… Добра, я табе намачу брэзэнт ды і сам яшчэ адвяду на перавязачны пункт.

Далей па адхонку расла рэдзенькая бярозавая кудзерка. Дайшоўшы да яе, Швэйк ледзь ня крыкнуў ад зьдзіўленьня: у ёй