Старонка:Svejk.4.pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хто-небудзь ёсьць. Бо як справа пачнецца сур’ёзная, дык паны афіцэры кінуцца назад.

Рота дайшла да сенажаці, сярод якое бегла ручаінка, заросшая кустамі вербалозу. Над галовамі загуў аэроплян і паручык Лукаш скомандаваў:

— У кусты заляж! Хутка за прыкрыцьцё! Ён будзе кідаць бомбы.

Вялізны птах трашчаў, робячы кругі, дзесьці высока ў небе, потым павярнуў і паляцеў паўз гужок управа. Да Лукаша падбег ордынарац ад капітана Загнэра, што залёг з сваёю ротаю ў полі каля дарогі.

— Ляжаць, пакуль ня будзе новага загаду! — скомандаваў паручык Лукаш.

Салдаты зачэрпалі бляшанкамі вады з ручаю і напіліся; потым яны ляглі дагары і пачалі меркаваць, хто гэта перад імі.

— Сёньня або найпозьней заўтра нас добра скубянуць, — сказаў адзін, а другі запярэчыў:

— Ну, ужо і скубянуць! Гэта проста які-небудзь невялічкі расійскі ар’ергард, што прыкрывае іхні адступ.

Поруч са Швэйкам ляжаў дробненькі, увесь у рабаціньні салдацік; як паручык Лукаш крышку адсунуўся ў бок, ён дастаў з хлебнага мяшка расійскі патрон і пачаў раскалупваць яго штыхом. Пасьля дастаў кулю, высыпаў порах з патрону сабе на далонь, потым перасыпаў так з палову назад і ізноў забіў кулю тупым бокам штыха.

— Што гэта ты робіш? — запытаўся ў яго Швэйк. — Так-жа ён ня выстраліць?

— Супакойся, браток, выстраліць! — адказаў салдацік. — А ўсяго пораху там нельга пакінуць, бо гэта быў-бы вельмі вялікі набой і мог-бы адарваць усю лапу. Калі, дай божа, расійцы пачнуць нас абстрэльваць, пакуль мы яшчэ тут, я ў кустах і выстралю сабе ў руку, і ніхто гэтага не заўважыць, а потым гайда на перавязку! Я ўжо маю сапраўдную рану ў жывот, дык другую такую мець мне зусім ня хочацца. Плюю я на ўсю вайну. Чалавек павінен быць практычным. Намачы кавалак брэзэнту, павяжы ім руку і страляй сабе на здароўе ў яе расійскім патронам — найлепшы пралаза-доктар не разьбярэцца. Так, браток