Старонка:Svejk.4.pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гвалт, каб яна ня трывожыла касіра, бо ён можа памыліцца, выдаючы дапамогу. Адна нават стала перад касаю на калені і пачала маліць касіра даць ёй трыста крон, мужа яе няхай заб’юць. Пасьля-ж выявілася, што гэта зусім і ня жонка, а якаясьці Сэрынэк і атрымлівае дапамогу за якогасьці Франца Сланаржа, тачыльніка з Лібэня; яна была толькі ягонаю палюбоўніцаю, прыдабыла ад яго двое дзяцей, а ён кінуў і пачаў круціць з аднэю работніцаю з цягельні ў Прошэку. Можа, твая жонка таксама…

Але тут Швэйк мусіў спыніцца: высока над іх галовамі разрывалася шрапнэль і па дарозе ўзьняўся пыл ад упаўшых на зямлю куль. У задніх радох адзін салдацік схапіўся за плячо, з якога пабегла кроў, і бягма кінуўся назад.

— Пашанцавала хлопцу! — сказаў хтосьці ззаду за Швэйкам. Але ўжо разарвалася другая шрапнэль і яе візг прарэзаў высокі, гучны голас паручыка Лукаша:

— Рота, слухай! Гужком — наступай! Раўняцца на першы разьдзел!

Пад страшэнную лаянку ўзводных, што рассоўвалі салдатаў улева і ўправа, рота пачала рабіць перабежкі. У трэцім разьдзеле фэльдфэбэль злосна піхнуў салдата і зароў:

— Наперад… тваю… Ня ведаеш, як гужком наступаюць?

— Да душы ня ведаю, — плачучы, адказаў салдат. — Я з апалчэнцаў, два тыдні ў роце, дый тыя пралежаў увесь час у шпіталі — грудзі хворыя. Я ня з гэтага палка, я быў у 42-м, а там мяне толькі вучылі адказваць: «Шэф імпэрска-каралеўскага 42-га пяхотнага палка ёсьць эрцгэрцог Фрыдрых Кумэрлянскі-Брухвільскі-Люмбурскі».

— Маўчы! Езус-Марыя, нам прысылаюць дзяцей, якім яшчэ нянька трэба! — у роспачы хапіўся за галаву фэльдфэбэль.

Салдаты, рассыпаўшыся, ішлі далей. Тыя, што ня ведалі, бо былі ня вывучаны, што ім рабіць, глядзелі на бывалых і на разьдзельных. Шрапнэль налятала роўнымі інтэрваламі, высыпаючы, аднак град сваіх куляў ззаду за наступаючымі.

Паручык Лукаш, падпаручык Дуб і кадэт Біглер ішлі, відаць, бяз страху на чале, з чаго спрактыкаваныя салдаты зрабілі вывад:

— Значыцца, мы, хлопцы на падтрымку, наперадзе яшчэ