Раптам гарматы забухалі дзесьці далека наперадзе і над галавамі салдатаў з выцьцём праляцеў знарад. Тыя, што першы раз трапілі ў бой, з цікавасьцю азірнуліся, а бывалыя запэўнілі іх:
— Гэта з шаснаццаці- або восемнаццацісантымэтроўкі: пакуль ён ляціць над намі, дык нам можна не шманаць. Ну, а калі такая цацка бухне між намі, дык вы так і пакоціцеся… з рогату, хлопцы.
Тымчасам Швэйк далей выкладаў свае думкі ў пытаньні пра ўзнагароду за забітых у бойцы.
— Трыста крон, — гэтага зусім даволі, — казаў ён. — Гэта якраз цана сярэдняга бычка. А каб-жа ты зваліўся дома ў млыне ў вір і ўтапіўся, дык тваёй жонцы ня толькі нічога не далі-б, але ёй яшчэ давялося-б хаваць цябе за свае грошы. І то-ж праўда: яна-ж можа, калі па табе дастанецца ёй млын, добры млын і без даўгоў, яшчэ падхапіць каго-другога, бо паважную жанчыну, сумленную ўдаву, з добрым млыном у дадатак, кожны ахвоча возьме. І хто ведае, ці ты так абыходзіўся з сваёю жонкаю, як такая добрая жанчына і жонка таго варт была? От я табе раскажу, Балун, які выпадак быў у праскім магістраце. Хадзіла туды атрымліваць дапамогу некая Андруля Проўс з Францішкавага пляцу, работніца з Малеравае папяровае фабрыкі на Бубне; і от аднаго разу касір ёй дапамогі не дае, а глядзіць на яе з жалем, каўтае сліну і кажа: «Вы, калі ласка, пані Проўс, ня пужайцеся, а толькі дапамогі вы больш не атрымаеце. Я маю сказаць вам сумную вестку: мужыка вашага забілі на сэрбскім фронце. От атрымайце аднаразовых трыста крон». Тут Андруля Проўс склала рукі, як на малітву, сьлёзы ў яе з воч — цурком і яна як расплачацца: «Дзякуй табе, божа, дзякуй табе! Ужо я і ня ведаю, пане мой, як вас і дзякаваць, што вы мяне так зацешылі. Значыць Вашэка і сапраўды забілі? От радасьць, што вы, пане мой, даеце мне за яго трыста крон. Я ад яго, праклятага, за ўсё жыцьцё столькі грошай ня бачыла. Дык, значыцца, яго, саколіка майго яснага, душачка ўжо супакоілася? Ён, ці ведаеце, мой пане, перад ад’ездам так мяне зьбіў, што ў мяне і да гэтага часу сінякі на плячох і на руках не загаіліся. Во, зірнеце!» І яна скінула з сябе блюзку і паказала касіру рубцы, што засталіся пасьля мужыковае бойкі. Але тады другая баба ўзьняла