Старонка:Svejk.4.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

а злашча: карабін данесьці на перавязачны пункт, дзе яго прымуць пад расьпіску.

— Карабін — гэта не абаранак, што можна сьпячы за хвілін колькі, — горача гаварыў ён. — Калі вы вернецеся без карабіна, дык гэта значыць, што вы кідаеце ў сьмяротную небяспеку таварышы, у якога нічога ня будзе ў руках, каб бараніцца ад ворага. Хто прынясе карабін, атрымае за гэта пяць крон, а хто яго не прынясе, застанецца пасьля ачуняньня ці сьмерці бяз водпуску. А цяпер яго імпэратарскай вялікасьці, нашаму найласкаўшаму гаспадару гура, гура, гура!

Салдаты без асаблівага захапленьня падхапілі:

— Гура! Гура! Гура!

Капітан Загнэр зьлез з бочкі і дадаў як-бы неофіцыяльна, менш урачыста, а больш па-бацькоўску:

— Старайцеся не папасьці ў палон, бо тады вы, чаго добрага, і праз дзесяць год ня вернецеся з Расіі дамоў. Калі-ж хто з вас загіне ў бойцы, дык удава атрымае за яго трыста крон… А да канца сьвету нам усяроўна не дажыць. А мо’ хто з вас хацеў-бы жыць вечна?

Ён абвёў салдат вачыма і яго погляд спыніўся на Швэйку, таму Швэйк выступіў з радоў і, казырнуўшы, адрапартаваў:

— Дык дазвольце паведаміць, я не хачу!

А потым пачулася команда: «Наперад… марш!» і батальён рушыў у дарогу, і кожнай роце далі іншы кірунак. Гарматы грымелі часьцей і галасьней. Стрэлы чуліся адзін за адным. Праходзячы каля батарэі, было відаць, як пасьля кожнага стрэлу дрыжала паветра і гармата падскоквала ўгару; артылерысты паскідалі курткі; закасаўшы рукавы, працавалі з усёй сілы і пот ліў з іх цурком…

Швэйк крочыў поруч з Балуном ззаду за паручыкам Лукашам; тоўсты млынар склаў рукі на ладунку і маліўся, а Швэйк цешыў яго:

— Ды ты ня бойся, нябога. Ты-ж чуў, як пан капітан казаў, што калі цябе заб’юць, то твая жонка атрымае за цябе трыста крон. За варону лясьніку даюць дзесяць гэлераў, за тхора або куну — крону, за ліса — пяць. Так яно і вылічана, што трыста крон удаве за мужа і сіротам за бацьку зусім даволі!