Старонка:Svejk.4.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзейна махнуў лінейкаю, і ў гэты самы момант кадэт Біглер паклікаў сваіх падлеглых і загадаў ісьці далей. Швэйк яшчэ раз зьвярнуўся да салдата, з якім размаўляў:

— Ну, што-ж, хлопцы, старайцеся, аздабляйце масткі! Як выйдзеце ў адстаўку, будзеце ўмець аздабляць бальныя залі на карысьць вэтэранаў вайны.

Кадэт Біглер і сапраўды даведаўся ня больш, як сказаў яму ўжо сапёрны капітан. Расійская армія спынілася каля Бродаў — і замацоўвае свае позыцыі, відаць, на тое, каб не дапусьціць аўстрыйскае войска ў межы Расіі. А дзе патрэбны ім маршавы батальён, падпаручык ня ведаў.

Зьмяркалася. Усе трое вельмі ўтаміліся, таму кадэт не супярэчыў, як Швэйк завярнуў у бок з дарогі да нейкага доміку, як выявілася — доміку лясьнічага. Стары чалавек, лясьнічы, прыняў іх даволі ветліва, і ад яго яны даведаліся, што два дні перад гэтым тут праходзіла шмат войска. Расійцы прайшлі тут чатыры дні назад.

Лясьнічага жонка паставіла варыць на вячэру бульбу і прынесла малака. Убачыўшы, што яна гатуе вячэру, Швэйк пагрэў у вялікім гаршку вады і апарыў курачак і пеўніка, што нёс з сабою.

Убачыўшы гэтыя прысмакі, кадэт Біглер з прыемнасьцю констатаваў, што ў яго ізноў зьявіўся голад, а Швэйк, заўважыўшы ягоны галодны погляд, ізноў выказаў, якае ў яго добрае сэрца.

— Я-ж казаў вам, пане кадэт, што я вас не пакіну. З курэй я звару крупнік, а пеўніка сасмажу. Добра, што мы не змарнавалі дарма часу на забойства тых расійцаў; таму мы можам цяпер якраз у час павячэраць.

Трох курэй і двух пеўнікаў без астачы зьелі, вячэраючы ў лясьнічага ў доміку. Тры куркі, што асталіся, Швэйк старанна закруціў у анучу ды схаваў сабе ў ранец. Ікаючы ад добрае вячэры, ён задаволеным голасам сказаў:

— Так! Цяпер з намі нічога ня здарыцца.

Раніцаю яны пайшлі далей, і ў той час, як лясьнічага жонка, што праводзіла, казала ім, што будзе за іх штодзённа маліцца,