Старонка:Svejk.4.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Эх, браток ты мой, — уздыхнуў салдат, — усё тое, што мы робім, — адна дурасьць. Няхай толькі тут пройдзе хоць адна рота і ты не пазнаеш ужо краёў, што мы старанна раўнуем. А як праедзе абоз або артылерыя, коні вытапчуць мох. А яго возім за гадзіну воз. Ад такое дурной работы мы змучыліся, як сабакі. Дый ці мала робім мы такой работы, што нікому непатрэбна, бо нашы інжынэры — ідыёты. От, напрыклад, учора будавалі мы мост на канаве, якую конны мог-бы пераскочыць, а абоз чакаў вялізны, фурманак чатырыста і от ён стаў і ня можа праехаць цераз гэту канаву. Ну, паслалі нас туды. Я сам карэтнік, але каб у мяне запыталіся, як зрабіць, дык я перакінуў-бы з аднаго боку на другі тры бервяны, на іх наслаў-бы дошчак, прыбіў іх цьвікамі і… от і ўсё! Едзьце сабе на здароўе! Але наш падпаручык — інжынэр, і таму склаў сабе на гэта цэлы плян. Перш-на-перш ён паслаў у вёску, дзе мы стаімо, па мэтр, а вёска адгэтуль на паўтары гадзіны дарогі; потым ён вельмі дакладна вылічыў, якое даўжыні павінна быць бярвеньне; потым загадаў нам абчасаць іх з чатырох бакоў; потым паслаў на тоўстыя дошкі, што прывезьлі толькі падвечар, і, нарэшце, загадалі нам зрабіць з двух бакоў поручы. Адным словам, браток ты мой, мы з гэтаю справаю змарнавалі часу з адзінаццаці раніцы да трэцяе ўначы і ўвесь абоз стаяў на месцы і чакаў, а ён-жа быў з хлебам! Ну, як мы ўсё скончылі, інжынэр пусьціў хурманкі на мост, і адразу-ж самая першая паламала поручы. Потым, як ад кол перад мастом стала глыбокая выбоіна, нам давялося падымаць драбіны на мост каламі… От, браток ты мой, так мы вайны ня выграем. Бачыш таго афіцэра — дурань з дурняў, а сказаць гэта я яму не магу і з хаты яму таго не напішуць… А сам адкуль будзеш? Мы — рабочая каманда 36 палка, а самі называем сябе «Таварыствам упарадкаваньня дачнага жыцьця».

— Так, так. Значыць, у вас афіцэры таксама прыдуркі, — спагадліва адгукнуўся Швэйк. — Ну, а я з 91-га, і ў нас яны таксама дурні. Мы былі ў разьведцы, зьбіліся з дарогі і цяпер шукаем свайго палка. Але калі ваш падпаручык таксама прыдурак, дык наш кадэт ад яго ня шмат даведаецца. А як у вас кормяць, дружа?

Член «Таварыства ўпарадкаваньня дачнага жыцьця» безна-