Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

картах генэральнага штабу ўсё адзначана. Каб разабрацца ў гэтай карце, пане кадэт, мусіць, патрэбна вялікая навука? Вось у нас у палку быў паручык Гофман, дык той вучыў у вучэбнай командзе чытаць гэтыя карты і заўсёды дадаваў: «Салдаты, — казаў ён, — чытаць карты куды важней, як ведаць, з якіх частак складаецца карабін. Капралы, ефрэйтары і разьдзельныя павінны рабіць гэта лепш за генэралаў; што гэта так вы, салдаты, можаце пераканацца, калі наш полк выходзіць на манэўры або на вялікае палявое вучэньне. Перш зьбіваецца з кірунку і кудысьці зьнікае пан палкоўнік разам з канём, потым пан маёр, за ім пан капітан, а пасьля і рэшта паноў обэр-афіцэраў. Полк вядзе тады фэльдфэбэль і каб вы толькі ведалі, як-бы яму папала, каб ён таксама зьбіўся з дарогі і павёў полк ня туды, куды трэба. У часе міру за гэта прызначаюць адзіночную турму, а ў часе вайны — расстрэл». А пасьля гэтага паручыка, дазвольце сказаць, пане кадэт, пазбавілі афіцэрскае годнасьці, і цяпер ён служыць у Празе за рэдактара аднае газэты і часта сядзіць у халоднай за абразу арміі. Бо і з рэдактарамі трэба быць строгім.

Кадэт нічога не адказаў, а толькі яшчэ пільней пачаў вывучаць карту; нарэшце ён падкрэсьліў пазногцем адну назву і запытаўся:

— Швэйк, як называлася тая вёска, дзе мы начавалі? Пенякі, кажаце вы? Дык гэта тут. Мы вось тут у лесе, дарога ідзе вось так, а чыгунка, пра якую гаварыла старая, нішто іншае, як вучастак паміж Львовам і Бродамі. Вузкакалейкі тут няма, хіба што расійцы зрабілі сабе новую чыгунку. Праз тры гадзіны мы будзем на шашы.

Гэтае прароцтва ня збылося, хоць яны ішлі даволі бадзёра. Толькі пад вечар дацягнуліся яны да шашы, калі наогул можна было так назваць гэтую дарогу. Гэта была ўся ў выбоінах шырокая дарога, зьмешаная колам бязьлікіх фурманак, гармат і грузавікоў, што прайшлі па ёй за год у адзін і другі бок. Калі нашыя ваякі падышлі да шашы, па ёй ехала безьліч абозных двухколак з хлебам і фуражом. З бакоў ішлі салдаты, што або адбіліся ад сваіх палкоў, або не маглі ісьці далей, або лічылі, што яшчэ пасьпеюць дагнаць сваё шчасьце,што чакала іх наперадзе.